1 лютага ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках (Шчучынскі дэканат) распачалося святкаванне 20-годдзя з часу беатыфікацыі кс. Браніслава Маркевіча, заснавальніка Кангрэгацыі святога Міхала Арханёла (міхалітаў).
Міхаліты служаць у парафіі ў Васілішках больш за 35 гадоў. З пачатку іх служэння пробашчам парафіі з’яўляецца кс. Станіслаў Пытэль CSMA, які сёлета адзначае 40-годдзе з часу свайго прэзбітэрскага пасвячэння. Надзейная падтрымка ў служэнні святара – сёстры міхаліткі, якія вядуць катэхетычныя заняткі і ўрокі музыкі, займаюцца падрыхтоўкай міністрантаў, кіруюць іншымі парафіяльнымі групамі.
Урачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, больш за дваццаць святароў Шчучынскага дэканату і супольнасці міхалітаў, законныя сёстры, шмат свецкіх вернікаў.
Біскуп Гродзенскі цэлебраваў святую Імшу, на якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі – у агульнай колькасці 49 чалавекам.
Іерарх падзякаваў міхалітам за шматгадовае служэнне ў Касцёле на Беларусі і ў прыватнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, за выхаванне дзяцей і моладзі ў духу благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча, што ўплывае на развіццё малітоўнага і сакрамэнтальнага культу, і за тое, што яны рыхтуюць маладое пакаленне да дарослага жыцця, вучаць, як сустракаць цяжкасці, вучаць быць адказнымі за навакольны свет.
Прадстаўнік генеральнай рады Кангрэгацыі святога Міхала Арханёла кс. Кшыштаф Пасвята ў прывітальным слове прачытаў фрагменты ліста генеральнага настаяцеля супольнасці кс. Дарыюша Вілка. Генеральны настаяцель запэўнівае біскупа Гродзенскага, што супольнасць міхалітаў будзе падтрымліваць іерарха ў яго пастырскім служэнні дзеля дабра Гродзенскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла, а таксама дзякуе біскупу Аляксандру Кашкевічу, які шмат гадоў узначальваў дыяцэзію, за супрацоўніцтва і прыхільнасць, якую міхаліты заўсёды адчувалі з яго боку.
Біскуп Кашкевіч у гаміліі прыгадаў жыццёвы шлях бл. Браніслава Маркевіча, адзначыўшы, што той прысвяціў усё сваё святарскае і манаскае жыццё грамадскім справам: апецы над беднымі і сіротамі, барацьбе з непісьменнасцю, убоствам, эксплуатацыяй, п’янствам і іншымі праблемамі, духоўнаму выхаванню і прафесійнай падрыхтоўцы маладога пакалення.
“Усялякая справа, пачатак якой паклаў благаслаўлёны ксёндз Браніслаў, адкрыла тысячам маладых людзей шлях да самастойнага, годнага і паспяховага дарослага жыцця, уратавала іх ад духоўнага і матэрыяльнага ўбоства, заклала ў іх сэрцах трывалы фундамент хрысціянскай веры і маральнасці”, – сказаў біскуп.
Звяртаючыся да моладзі, якая прыступіла да сакрамэнту канфірмацыі, іерарх нагадаў, што “першае і найважнейшае пакліканне хрысціяніна – быць чалавекам веры і сведкам Хрыста”.
Пробашч парафіі кс. Станіслаў Пытэль выразіў надзею на тое, што святкаванне 20-годдзя з часу беатыфікацыі Браніслава Маркевіча будзе садзейнічаць яшчэ большаму ажыўленню веры ў сэрцах парафіян.
Пасля Імшы біскуп Уладзімір Гуляй здзейсніў благаслаўленне драўлянай фігуры, якая прадстаўляе благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча разам з дзецьмі. Фігура ўсталявана пры ўваходзе ў касцёл.
Усе прысутныя атрымалі абразкі з выявай благаслаўлёнага і малітвай аб яго кананізацыі, а таксама пернікі, прыгатаваныя з нагоды свята.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі