Skip to main content

У Сапоцкіне з удзелам біскупа Кашкевіча прайшоў канцэрт калядных спеваў

sapockino kolendy 52 лютага, у свята Ахвяравання Пана, у Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры адбыўся канцэрт калядных спеваў. Свята, якое праходзіць ужо некалькі гадоў, сабрала шматлікіх удзельнікаў.

Ганаровым госцем свята быў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Канцэрт, як і раней, арганізавала мясцовая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў супрацоўніцтве з Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтрам.

Пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі, вітаючы прысутных, выразіў радасць з той прычыны, што супольны спеў калядных песень у Сапоцкіне стаў добрай традыцыяй. Па словах святара, гэтае мерапрыемства садзейнічае яднанню людзей і захаванню традыцый, перададзеных продкамі.

Распачаўся канцэрт каляднай пастаноўкай, прадстаўленай дзецьмі з гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай.

sapockino kolendy 3

З каляднымі спевамі выступілі, акрамя выканаўцаў з самога Сапоцкіна, музычныя групы і хоры гродзенскіх парафій Божай Міласэрнасці, Святога Духа, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Спевакі былі рознага ўзросту: дзеці, моладзь, дарослыя. У дружнай, па-сямейнаму цёплай атмасферы ўдзельнікі праслаўлялі сваім спевам Бога, які прыйшоў у свет, каб прынесці людзям збаўленне, дзяліліся радаснай весткай пра Яго нараджэнне.

У канцы свята да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падзякаваў удзельнікам і адзначыў, што гэтая сустрэча перамяняе сэрцы людзей, адкрывае іх на Бога і бліжняга.

Біскуп пажадаў усім прысутным, каб гэтае мерапрыемства натхняла іх рабіць свет лепшым, несці іншым веру, любоў і надзею.

Удзельнікі канцэрту глыбока ўдзячныя арганізатарам, чые старанні садзейнічаюць яго правядзенню на высокім узроўні, – у першую чаргу кс. Антонію Абухоўскаму i кіраўніцтву Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра на чале з Аксанай Станкевіч, – а таксама ўсім, хто далучыўся да гэтага свята каляднай песні.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч