Skip to main content

Новы дакумент Святога Пасада: этычныя рамкі штучнага інтэлекту

ii28 студзеня 2025 года, Святы Пасад апублікаваў грунтоўны дакумент Antiqua et Nova, які складаецца са 117 параграфаў і закранае ўсе асноўныя аспекты ўзаемадзеяння паміж чалавекам і штучным інтэлектам (ШІ).

Дакумент падкрэслівае фундаментальную розніцу паміж чалавечым і штучным інтэлектам. Само выкарыстанне тэрміна інтэлект у дачыненні да ШІ з'яўляецца памылковым. У той час як чалавечы інтэлект фарміруецца праз цялесны досвед і міжасобасныя адносіны, ШІ з'яўляецца толькі прадуктам чалавечай дзейнасці і не валодае сапраўднай здольнасцю да самаразвіцця.

Выказваецца сур'ёзная занепакоенасць адносна выкарыстання ШІ ў ваеннай сферы. Як адзначыў Папа Францішак на сустрэчы G7 у Апуліі: "Ніводная машына не павінна вырашаць пытанне жыцця і смерці чалавека". Аўтаномная зброя, здольная дзейнічаць без чалавечага кантролю, разглядаецца як сур'ёзная пагроза для чалавецтва.

У эканамічнай сферы адзначаецца, што ШІ можа як павысіць прадукцыйнасць працы і стварыць новыя працоўныя месцы, так і прывесці да дэкваліфікацыі работнікаў, падпарадкаваць іх аўтаматызаванаму нагляду і абмежаваць іх функцыі жорсткімі і паўтаральнымі задачамі. Выклікае занепакоенасць канцэнтрацыя ўлады над ШІ ў руках невялікай колькасці буйных кампаній. Гэта можа прывесці да паглыблення сацыяльнай няроўнасці і лічбавага разрыву.

У медыцынскай сферы дакумент папярэджвае пра рызыку стварэння медыцыны для багатых. Хоць ШІ можа значна палепшыць дыягностыку і лячэнне, важна забяспечыць роўны доступ да гэтых тэхналогій для ўсіх слаёў насельніцтва.

Асаблівая ўвага ў тэксце надаецца пытанням адукацыі. Падкрэсліваецца, што выкарыстанне ШІ не павінна весці да страты крытычнага мыслення ў вучняў і студэнтаў. Сістэмы ШІ павінны дапамагаць у навучанні, а не замяняць традыцыйныя метады адукацыі.

У сферы экалогіі дакумент адзначае дваістасць уплыву ШІ. З аднаго боку, тэхналогіі дапамагаюць у прагназаванні экстрэмальных кліматычных з'яў і кіраванні ўстойлівай сельскай гаспадаркай. З другога боку, самі сістэмы ШІ спажываюць значную колькасць энергіі і вады, павялічваючы выкіды CO2.

Аўтары – Дыкастэрыі веравучэння і па культуры і адукацыі – закранаюць пытанні прыватнасці і свабоды веравызнання, падкрэсліваючы, што лічбавы нагляд можа выкарыстоўвацца для кантролю над жыццём вернікаў і праявамі іх веры.

Дакумент таксама звяртае ўвагу на праблему дэзінфармацыі і дыпфэйкаў. ШІ можа генерыраваць маніпулятарны кантэнт і фальшывую інфармацыю, што патрабуе пільнай праверкі дакладнасці матэрыялаў.

У заключнай частцы падкрэсліваецца, што ШІ павінен заставацца выключна інструментам, які дапамагае чалавеку, а не замяняе яго. Існуе сур’ёзная небяспека ідалапаклонства перад штучным інтэлектам. Чалавек можа трапіць у пастку: спрабуючы стаць роўным Богу праз стварэнне разумных машын, ён у выніку сам становіцца рабом створанай ім жа тэхналогіі. Гэта своеасаблівая форма ідалапаклонства, дзе чалавек спачатку ўзвышае сябе як стваральніка, а потым трапляе ў залежнасць ад створанага ім прадукту.

Дакумент накіраваны не толькі да бацькоў, настаўнікаў і духавенства, але і да ўсіх, хто падзяляе неабходнасць этычнага развіцця тэхналогій на карысць чалавека і агульнага дабра.

Паводле Vatican News