У гродзенскай парафіі Святога Духа ў чарговы раз адбыўся калядны канцэрт, у якім удзельнічалі дзеці і моладзь.
Увазе слухачоў былі прадстаўлены не толькі традыцыйныя і вядомыя калядкі, такія як “Ціхая ноч”, “Gdy się Chrystus rodzi”, “Przybieżeli do Betlejem”, але і не менш прыгожыя сучасныя пастаралкі.
Удзельнікі праслаўлялі Бога не толькі спевам: выступілі і таленавітыя музыкі, якія выканалі для Дзіцяткі Езуса свае клапатліва падрыхтаваныя творы.
Мерапрыемства не абышлося без удзелу дзіцячага гурту “Анёлы”, ужо многім вядомага, і моладзевай групы “Bonum”.
Прысутныя разам спявалі хвалебныя калядкі. Стварэнню непаўторнай атмасферы свята спрыялі гукі саксафона, гітары і галасоў многіх таленавітых парафіян.
Як і кожны год, выканаўцы паказалі высокі музычны ўзровень. У канцы кожны ўдзельнік атрымаў салодкі падарунак.
Парафія спадзяецца, што гэты вечар стаў для прысутных незабыўным, напоўніў іх сэрцы шчырай радасцю і святлом. Парафіяне жадаюць, каб падобным чынам радасць Божага Нараджэння напоўніла сэрцы ўсіх людзей, а Збаўца адарыў кожнага супакоем і любоўю.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі