На мяжы старога і новага года ў навагрудскім кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прайшлі рэкалекцыі для сем’яў, якія належаць да Асацыяцыі Святой Сям’і.
Правядзенне такіх рэкалекцый у час святкавання Новага года ўжо стала традыцыяй у навагрудскай супольнасці назарэтанак.
На сустрэчы сабраліся сем’і з розных месцаў Беларусі. Яны разам маліліся, удзельнічалі ў святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Таксама па традыцыі былі адноўлены сужэнскія абяцанні.
Навагодні вечар удзельнікі рэкалекцый і сёстры назарэтанкі пачалі адарацыяй. Яны дзякавалі Богу за пражыты год, за радасці і цяжкасці на жыццёвым шляху, прасілі прабачэння за грахі, слабасці і крыўды, маліліся аб благаслаўленні для сем’яў, якія належаць да Асацыяцыі Святой Сям’і, і ўсіх сем’яў свету.
Рэкалекцыям спадарожнічала цёплая, па-сямейнаму ўтульная атмасфера. На сустрэчы можна было набыць новых сяброў і пазнаёміцца з сем’ямі, якія імкнуцца будаваць сваё жыццё так, каб яно было сапраўды хрысціянскім.
Удзельнікі вельмі ўдзячныя кс. Алегу Шпецю SChr, сёстрам назарэтанкам і аніматарам за служэнне і дапамогу на рэкалекцыях.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: с. Марыянa Алешчык CSFN