4 студзеня вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) здзейснілі пілігрымку ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.
У пілігрымцы ўдзельнічала каля 50 чалавек. Групу ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк, для якога Рось мае асаблівае значэнне: гэта яго радзіма.
Касцёл у Росі, дзе змяшчаецца старадаўняя фігура Езуса Журботнага, знаходзіцца ў шэрагу тых святынь, якія ў межах Юбілейнага 2025 года біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй устанавіў юбілейнымі: пры іх наведванні ўдзяляецца поўны адпуст.
Такім чынам, адпуст змаглі атрымаць і адэльскія парафіяне, для якіх пілігрымка, акрамя таго, была добрай магчымасцю паглыбіць сваю веру і адчуць Божую міласэрнасць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі