Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана (Тры Каралі) у гродзенскім мікрараёне Альшанка кожны год праходзіць працэсія па вуліцах, арганізаваная мясцовай маладой парафіяй Святога Духа.
У працэсіі, спяваючы песні, ідуць за Бэтлеемскай зоркай Тры каралі, а разам з імі шматлікія парафіяне, сярод якіх дзеці і моладзь. Такім чынам яны хочуць пакланіцца Нованароджанаму Езусу, як было дзве тысячы гадоў таму ў час Яго прыйсця ў свет.
Працэсія стала ў Альшанцы сімвалам адзінства і надзеі, які аб’ядноўвае людзей у дні свята.
Сёлета працэсія таксама прайшла па вуліцах, усмешкамі і песнямі ствараючы святочную атмасферу. Як распавядаюць удзельнікі, паўсюль гучаў смех, да шэсця далучаліся прахожыя.
Па традыцыі каралі прынеслі Езусу свае дары. У гаміліі на святой Імшы вікарый парафіі кс. Андрэй Юхнік растлумачыў прысутным, што самае дарагое, што можна падарыць Пану, – гэта чыстае і поўнае любові сэрца.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі