4 студзеня пры гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці адбылася аплаткавая сустрэча супольнасці “У абарону жыцця і сям’і”, на якой прысутнічаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Паколькі ў гэты дзень была першая субота месяца, члены супольнасці, як заўсёды, сабраліся ўвечары на адарацыю. Затым адбылася святая Імша, пасля якой было ўдзелена благаслаўленне для ўсіх маці і для тых, хто хоча стаць бацькамі.
Сустрэчы з біскупам члены супольнасці вельмі чакалі і разам з дзецьмі рыхтаваліся да яе. Таксама на сустрэчы прысутнічалі госці з праваслаўнага гродзенскага цэнтра абароны жыцця і сям’і “РадзіМа” – Марына Валачкова з сям’ёй. Акрамя таго, пробашча парафіі кс. Яна Этэля SCJ павіншавалі з днём нараджэння, падзякаваўшы яму за апеку над супольнасцю.
Прадстаўнікі супольнасці распавядаюць: “Мы былі вельмі рады разам маліцца і падзяліцца аплаткай – гэтым хлебам, белым і чыстым, як нявіннае зачатае дзіця, дар Божы пад сэрцам мамы. Вельмі важна, што мы сабраліся, бо на працягу года не заўсёды атрымліваецца хадзіць на сустрэчы. Але на калядную сустрэчу прыйшло шмат сем’яў з дзеткамі”.
Сустрэчы спадарожнічала цёплая атмасфера Божага Нараджэння са спевам калядак, пачастункам, хатняй выпечкай да гарбаты і садавінай. На сустрэчу завітаў святы Мікалай, якому прысутныя былі вельмі рады. Кожны, хто прачытаў верш пра Нараджэнне Хрыста і праспяваў калядку, атрымаў падарунак.
Супольнасці было ўдзелена пастырскае благаслаўленне на далейшае служэнне. Таксама яе члены прынялі ўдзел у каляднай дабрачыннай акцыі.
“Нас усіх аб’яднала і ўмацавала любоў Нованароджанага Дзіцяткі Езуса, і наша служэнне напоўнілася новымі сіламі, атрымала новыя заданні, – кажуць прадстаўнікі супольнасці. – Хвала нашаму Міласэрнаму Айцу, які нас збірае, накіроўвае сваім Провідам і дае нам Маму – Марыю. Бог хоча, каб мы гарэлі духоўным агнём усё сваё жыццё. І калі мы будзем правільна падсілкоўваць сваё полымя, то ў нас гэта абавязкова атрымаецца!”
Прадстаўнікі супольнасці выказваюць пажаданне, каб Пан умацаваў іх, вёў праз заступніцтва благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, развіваў іх служэнне, дапамагаў распазнаваць і выконваць Яго волю і каб агонь служэння не згасаў у іх сэрцах, а таксама віншуюць усіх з Божым Нараджэннем і Новым годам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі