Дарагія чытачы, наведвальнікі нашага інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі, нашы сябры!
Канец года заўсёды нагадвае, што час – вялікі дар Пана Бога. Але мы ўсведамляем, што час хутка праходзіць, бяжыць з гэтага дня ў будучыню. Мінулы час ужо нам не належыць, адыходзіць у змрок гісторыі. Поспехі пройдуць, прыбыткі пацьмянеюць, застанецца тое, што Божае і трывалае.
Дзякуючы Пану Богу за гэты чарговы год жыцця і нашага служэння Касцёлу на Гродзеншчыне, мы хочам дзякаваць Яму таксама за кожнага чалавека, які дапамагае нам у евангелізацыі праз сродкі масавай інфармацыі.
Выказваем удзячнасць нашым пастырам. Дзякуем біскупу Аляксандру Кашкевічу за шматгадовае плённае супрацоўніцтва, за прыхільнасць і за яго слова, заўсёды добрае, поўнае надзеі і падтрымкі.
Асаблівым чынам дзякуем нашаму новаму пастыру – біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю. Мы рады, што наш новы біскуп адкрыты на новыя спосабы евангелізацыі, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі.
Хочам запэўніць, што прыкладзём усе старанні, каб наша сціплае, аднак патрэбнае служэнне ў мясцовым Касцёле станавілася яшчэ больш прафесійным, а навіны з жыцця нашых парафіяльных супольнасцяў распаўсюджваліся ўсё шырэй і рабіліся ўсё больш заўважнымі.
Дзякуем усім нашым аўтарам і чытачам – духоўным асобам і шматлікім свецкім валанцёрам, якія бескарысліва дасылалі нам свае тэксты, разважанні, цікавыя здымкі і прапановы, – за тое дабро, якое мы маглі разам стварыць, ідучы дарогай веры.Карыстаючыся нагодай, хочам усіх вас заахвоціць да далейшага супрацоўніцтва! Будзьце з намі ў новым 2025 годзе, які мы з волі Святога Айца Францішка будзем праводзіць як год надзеі, так моцна патрэбнай сучаснаму чалавеку і свету! Разлічваем на ваш прафесіяналізм і кампетэнтнасць.
Дарагія сябры!
Няхай новы 2025 год прынясе нам усім радасць, супакой і Божае благаслаўленне, а дэвіз гэтага Юбілейнага года – “Пілігрымы надзеі” – дапамагае ўсвядоміць мэту нашага жыцця і ўказвае шлях яе дасягнення.
Няхай гэта будзе выключны час клопату аб збаўленні нас саміх і нашых блізкіх. Няхай у сэрцах не будзе недахопу ў любові, якая ўсё пераможа і не дазволіць забыць пра хворых, бедных, самотных і занядбаных.
Шчаслівага новага 2025 года!
Ад імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі
кс. канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі