29 снежня, у свята Святой Сям’і, у гродзенскай катэдры адбыўся ўрачысты абрад адкрыцця дыяцэзіяльных святкаванняў Юбілею 2025 года. Абрад і цэлебрацыю Эўхарыстыі ў яго межах узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Гродзенская катэдра св. Францішка Ксаверыя разам з некалькімі іншымі касцёламі ў межах Юбілейнага года абвешчана юбілейнай святыняй.
Ва ўрачыстай падзеі ўдзельнічалі шматлікія вернікі катэдры і іншых парафій горада. Разам з пастырам Гродзенскай дыяцэзіі на літургіі маліліся біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і прэзбітэры.
Абрад адкрыцця Юбілейнага года адзначаўся глыбокай сімвалічнасцю. Уваход працэсіі ў касцёл нагадваў, што чалавечае жыццё – пілігрымаванне ў дом Нябеснага Айца; крыж, які неслі на чале працэсіі, быў знакам, што хрысціяне, ідучы праз жыццё, імкнуцца за сваім Панам і Збаўцам Езусам, які за людзей быў укрыжаваны і ўваскрос; акрапленне прысутных асвячонай вадой, якое здзейсніў біскуп Гродзенскі, казала пра тое, што першай і найвялікшай ласкай, атрыманай людзьмі ад Бога, стаў хрост; адкрыццё біскупам дзвярэй катэдры азначала, што Хрыстус – брама, якая вядзе да збаўлення.
У гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй патлумачыў, што Папа згодна з традыцыяй абвяшчае кожны дваццаць пяты год юбілейным – значыць годам асаблівай радасці, ласкі і Божага благаслаўлення. Гэта год шматлікіх адпустаў, звязаных з пілігрымаваннем у Рым, у санктуарыі і юбілейныя святыні. Перыяд у 25 гадоў, як адзначыў біскуп, не выпадковы: гэта ўмоўны час прыйсця ў свет чарговага пакалення, таму Юбілей “з’яўляецца знакам, што кожнае пакаленне хрысціян мае шанс атрымаць асаблівую адпустовую ласку, спазнаць бязмежнасць Божай міласэрнасці і магутнасць Яго прабачэння”.
Вельмі яскравым знакам, які, абвяшчаючы Юбілейны год, даў Папа Францішак, біскуп назваў адкрыццё гэтага года ў нядзелю Святой Сям’і. Ён нагадаў, што і Хрыстус прыйшоў у свет у сям’і і што сям’я – “самае дасканалае месца для росту і развіцця чалавека, паколькі сам Пан Бог паклапаціўся аб сям’і для свайго Сына”.
Па словах біскупа, Святую Сям’ю робіць выключнай “яе незвычайнае, годнае захаплення і наследвання духоўнае аблічча”. “У жыцці Святой Сям’і на першым месцы заўсёды быў Бог, – адзначыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне. – Усялякія выпрабаванні, нават самыя балючыя, цяжкія і незразумелыя з чалавечага пункту гледжання, Марыя і Юзаф прымаюць у духу пакоры і паслухмянасці Божай волі, без наракання, без бунту і незадавальнення, без жалю да сябе і абвінавачвання адно аднаго. Кожная новая сітуацыя робіць іх яшчэ больш з’яднанымі і салідарнымі, гатовымі разам супрацьстаяць цяжкасцям, прымаць чарговыя выклікі лёсу з верай, надзеяй і любоўю. Несумненна, гэта была сям’я шчаслівая, бо знайшла сваё шчасце ў спаўненні Божай волі, у тым, каб ставіць Пана Бога і Яго Слова на першым месцы ў сваім жыцці”.
Біскуп падкрэсліў, што няма іншага “рацэпту” сямейнага шчасця, чым паставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця, і што “чым больш мы слухаем Пана, чым больш паслухмяныя Яго навуцы, тым больш шчасця, любові, сардэчнасці і міру будзе ў нашых сем’ях”.
Нагадваючы пра дэвіз Юбілейнага года – “Пілігрымы надзеі”, – іерарх патлумачыў, што Папа заахвочвае хрысціян быць такімі пілігрымамі ў сучасным свеце. “Наша надзея мае крыніцу ў бясконцай Божай любові. Дзякуючы гэтай любові мы не чужыя і не прыхаднi, а сталі абранымі дзецьмі Бога, а адзін для аднаго – братамі і сёстрамі. Няхай юбілейныя ласкі, якія ў гэтым годзе будуць так шчодра на нас сыходзіць, перамяняюць нашы сэрцы”, – сказаў біскуп.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі