29 снежня, у свята Святой Сям’і, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе ўрачыстай Імшой адкрыўся Юбілейны год. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У межах Юбілейнага года біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй абвясціў касцёл Узвышэння Святога Крыжа разам з некалькімі іншымі святынямі юбілейным. Гэта значыць, што за пілігрымаванне ў такі касцёл або за яго пабожнае наведванне можна атрымаць поўны адпуст.
На Імшы сабраліся шматлікія парафіяне на чале з пробашчам кс. Віталіем Сідоркам.
У пачатку літургіі ў касцёл быў унесены ў працэсіі юбілейны крыж. Пробашч прывітаў арцыбіскупа, адзначыўшы важнасць гэтага дня для парафіяльнай супольнасці і горада Ліды.
У гаміліі арцыбіскуп найперш звярнуў увагу на значэнне Святой Сям’і як у гісторыі збаўлення, так і ў жыцці кожнага чалавека. Па яго словах, Святая Сям’я з’яўляецца ўзорам любові, вернасці і адданасці Богу; Езус, Марыя і Юзаф жылі ў гармоніі і ўзаемаразуменні, падтрымліваючы адзін аднаго ў цяжкія часы і разам радуючыся ў шчаслівыя. Іх жыццё, адзначыў іерарх, вучыць значэнню веры і адданасці Пану, вучыць, што сапраўдная сіла сям’і заключаецца ў даверы Яму, узаемнай любові і адзінстве.
Як дадаў арцыбіскуп, Касцёл заклікае падумаць, як можна ўмацаваць сённяшнія сем’і і зрабіць іх больш падобнымі да Святой Сям’і. “Сям’я – падмурак грамадства, – сказаў ён, – і пашкоджанне гэтага падмурку пагражае ўсім нам, што бачна няўзброеным вокам. Сем’і распадаюцца, назіраюцца спробы адыходу ад створанай Богам мадэлі сям’і як саюзу мужчыны і жанчыны, не шануецца Божы дар жыцця, дэмаграфічнае цунамі пагражае ператварыць нашу краіну ў бязлюдную пустыню”.
Іерарх назваў свята Святой Сям’і нагодай падзякаваць сем’ям, якія застаюцца вернымі свайму пакліканню, перапрасіць Бога за грахі, якія разбураюць сем’і, і папрасіць для іх благаслаўлення на будучыню.
Ён дадаў, што акрамя звычайных сем’яў існуе іншая сям’я – Касцёл – і зараз яна адзначае Юбілейны год пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, які распачаўся адкрыццём Святых дзвярэй у Ватыканскай базыліцы і распачынаецца цяпер у юбілейных святынях па ўсім свеце, у тым ліку ў Лідзе. Значэнне адкрыцця Святых дзвярэй і распачацця Юбілейнага года, па словах арцыбіскупа, глыбока сімвалічнае: яно сімвалізуе Божую міласэрнасць, шлях да збаўлення, адзінства Касцёла, памяць аб мінулым і надзею на будучыню.
Юбілейныя святыні, як сказаў іерарх, адыгрываюць ролю духоўных аазісаў: у іх “кожны зможа аднавіць веру і наталіць смагу з крыніцы надзеі”, найперш прыступаючы да сакрамэнту паяднання; у іх можна атрымаць поўны адпуст, што з’яўляецца вялікай ласкай.
Арцыбіскуп заклікаў выкарыстаць усе дадзеныя Юбілейным годам духоўныя магчымасці – як дзеля ўласнага збаўлення, так і дзеля дапамогі чысцовым душам.
“Няхай надзея, нават насуперак надзеі, натхняе нашыя сем’і, нас саміх і ўсё грамадства на лепшую будучыню”, – пажадаў іерарх. Ён падкрэсліў, што Хрыстус дорыць чалавеку сапраўдную надзею, якую не можа падарыць свет, і што сам Езус – надзея, непадкантрольная ні часу, ні абставінам. “Надзея – гэта не толькі тэорыя. Яна дасягальная для кожнага, хто дазваляе Хрысту быць яго дарожным знакам і святлом жыцця, – адзначыў арцыбіскуп. – Сапраўдная надзея нараджаецца з блізкасці Бога”.
Яшчэ раз звяртаючы ўвагу на дэвіз Юбілейнага года – “Пілігрымы надзеі”, – ён сказаў: “Мы, як пілігрымы, павінны ісці ў новую будучыню з надзеяй, якая ў Хрысце – адзіным Збаўцы ўчора, сёння і ва ўсе часы. Няхай нам і нашым сем’ям на гэтым шляху спадарожнічае Марыя, якая ў сваім улонні прынесла ў дом Альжбеты Ягоную ласку”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі