28 снежня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адзначылі 150-гадовы юбілей Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Святкаванне распачалося прэзентацыяй супольнасці назарэтанак. Сёстры азнаёмілі прысутных з гісторыяй кангрэгацыі.
Пасля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Літургію канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і прэзбітэры.
Біскуп Уладзімір Гуляй, звяртаючыся да прысутных са словам прывітання, сказаў, што Святая Сям’я з Назарэта, у гонар якой названа кангрэгацыя, з’яўляецца “ўзорам любові, пакоры і даверу Божай волі”. Ён дадаў, што кангрэгацыя была паклікана несці ў свет дух Назарэта – “дух сямейнай еднасці, любові і супакою”.
Іерарх падзякаваў назарэтанкам за іх служэнне, адзначыўшы: “Вы натхняеце нас глыбей жыць Евангеллем і несці Хрыста ў кожны дом і кожнае сэрца”.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі назваў год юбілею кангрэгацыі нагодай узгадаць навагрудскіх назарэтанак-мучаніц і іх прыклад, нагодай маліцца за сем’і, “якія сёння так часта сутыкаюцца з цяжкасцямі”, і за тых, хто пакліканы ахвяраваць сваё жыццё Богу ў манаскім і святарскім служэнні. Біскуп пажадаў, каб у гэты год кожны “змог адчуць сілу Божай любові і дазволіў ёй дзейнічаць у жыцці”.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі назваў юбілей кангрэгацыі нагодай падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі, перапрасіць за недасканаласці і папрасіць благаслаўлення на будучае служэнне. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што юбілей супольнасці назарэтанак арганічна ўпісваецца ў аб’яўлены Папам Францішкам Юбілейны 2025 год, які праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”. “Мы пілігрымы да вечнай Айчыны, куды накіроўваемся з надзеяй”, – сказаў іерарх і дадаў, што ў гэтай пілігрымцы асаблівую ролю адыгрываюць кансэкраванаыя асобы, у тым ліку назарэтанкі.
Арцыбіскуп адзначыў, што кангрэгацыя назарэтанак была заснавана благаслаўлёнай Францішкай Сядліскай як адказ на выклікі часу другой паловы XIX стагоддзя. Па словах іерарха, у абставінах сацыяльнай несправядлівасці таго часу і пад уплывам марксісцкай атэістычнай ідэалогіі, паводле якой рэлігія была названа “опіумам для народа”, пачала праяўляцца маральная разбэшчанасць, якая вяла да крызісу сям’і, і заснавальніца новай кангрэгацыі, натхнёная Святым Духам, хацела, каб праз яе апостальства Бог прысутнічаў у звычайным жыцці чалавека і асабліва ў сям’і.
Іерарх нагадаў, што мэта гэтай кангрэгацыі – прысвячэнне Богу, Касцёлу і Святому Айцу, падмацаванае любоўю і ахвярнасцю праз шматвектарнае апостальства, а харызма – распаўсюджванне Валадарства Божай любові паміж сёстрамі і іншымі людзьмі шляхам наследвання Езусу, Марыі і Юзафу, а таксама пастырская апека сем’яў. Назарэтанская духоўнасць укаранёна ў евангельскім пасланні любові і выражаецца ва ўслухоўванні ў голас Бога, які прамаўляе праз людзей і жыццёвыя падзеі. Святая Сям’я з’яўляецца ўзорам для сясцёр назарэтанак, натхняе іх прыгажосцю звычайнага жыцця ў глыбокай веры і блізкасці з Богам.
Арцыбіскуп звярнуў увагу на дэвіз кангрэгацыі: “Няхай будзе Твая воля”. У гэтым дэвізе, адзначыў ён, выказана воля Панны Марыі служыць Богу, што дазволіла ажыццявіць Божы план збаўлення, у які ўключаны чалавек у асобе Богачалавека Езуса Хрыста. Таксама гэты дэвіз прадстаўляе матыў, якім кіруюцца сёстры ў выкананні сваёй місіі. Па словах арцыбіскупа, іх “так” Богу, якое рэалізуецца праз евангельскія парады чыстасці, убоства і паслухмянасці, пераносіцца на “так” паасобнаму чалавеку і сем’ям, якім патрэбна дапамога.
Ён нагадаў, што ў 1908 г. назарэтанкі прыбылі ў Гродна, у 1929 г. – у Навагрудак, у сваёй дзейнасці яны стараліся адказваць на патрэбы Касцёла, грамадства і духоўнай фармацыі моладзі. Таксама іерарх нагадаў пра адзінаццаць навагрудскіх назарэтанак, якія ў час Другой сусветнай вайны ахвяравалі сваё жыццё за 120 вязняў і былі расстраляны немцамі ў Батароўскім лесе пад Навагрудкам. “Сёстры загінулі, але жыццё засталося, – сказаў ён. – Подзвігам крыві яны паставілі сабе помнік святасці, які дасягае неба”. У 2000 г. падчас іх беатыфікацыі Папа Ян Павел ІІ падкрэсліў, што Бог быў апорай сясцёр у хвіліну таго жудаснага выпрабавання, і назваў навагрудскіх мучаніц каштоўнай спадчынай кангрэгацыі і Касцёла на Беларусі. “Бескарыслівая і ахвярная любоў сясцёр да бліжняга і надзея на вечнае жыццё сталі сімваламі іх нязломнай веры і духоўнай сілы”, – адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён дадаў, што ў часы ганенняў на веру сёстры таемна выконвалі сваю місію пры пабернардынскім касцёле ў Гродне – катэхізавалі, рыхтавалі да сакрамэнтаў, наведвалі хворых, – і “калі ў грамадстве панавала прапаганда атэізму, то ў асяроддзі назарэтанак – навучанне праўдам веры і малітва, што давала надзею на лепшую будучыню”. Пасля атрымання свабоды веравызнання ў 90-я гады назарэтанкі былі, па словах арцыбіскупа, “на першай лінні фронту духоўнага адраджэння”. Іерарх адзначыў, што цяпер яны займаюцца катэхізацыяй, арганізуюць рэкалекцыі для моладзі, святароў, кансэкраваных асобаў, вядуць дабрачынную дзейнасць, апякуюцца Домам адзінокай маці і хворымі ў шпіталях, згодна са сваёй харызмай шмат увагі прысвячаюць сям’і, якая знаходзіцца ў вялікім крызісе, і з мэтай яе аздараўлення заснавалі Асацыяцыю Святой Сям’і з Назарэта.
Арцыбіскуп пажадаў назарэтанкам “смела ісці ў новую будучыню, у пілігрымку надзеі”, і, звяртаючыся да Бога, папрасіў для кангрэгацыі благаслаўлення Езуса, апекі Панны Марыі і святога Юзафа.
Пасля святой Камуніі сёстры аднавілі манаскія абяцанні.
У канцы Імшы словы ўдзячнасці выказалі прадстаўнікі Асацыяцыі Святой Сям’і і правінцыяльная настаяцельніца Беларускай правінцыі назарэтанак с. Філатэя Ціхановіч.
Настаяцельніца адзначыла: “Бог паклікаў Францішку Сядліскую заснаваць супольнасць сясцёр назарэтанак, каб яны пашыралі Яго Валадарства паміж сабою і сярод іншых, асабліва ў сем’ях. Мы молім Бога, каб Яго благаслаўленне вяло нас на гэтую справу і сёння, каб мы, верныя сваёй харызме, неслі дух Назарэта ў кожнае сэрца і дом”.
Па словах сястры Філатэі, год юбілею кангрэгацыі заахвочвае назарэтанак задумацца над адносінамі з Езусам, аднавіць свой шлях веры, зноў адчыніць дзверы сваіх сэрцаў Богу і Яго любові, шукаць Божай мудрасці і разумення пры роздуме над Божым словам, малітве і разважанні, а перш за ўсё дзякаваць Богу за Яго ласкі, атрыманыя супольнасцю за час яе існавання. “Няхай Бог благаславіць нас, каб гэты год стаў для нас асаблівым часам ласкі, калі мы засяродзімся на Ім, Яго дарах і любові, а таксама выкажам удзячнасць за Яго апеку”, – сказала настаяцельніца.
Яна выказала ўдзячнасць усім, хто ўдзельнічаў у гэтым свяце і садзейнічаў яго правядзенню, і папрасіла аб малітве, каб год юбілею стаў для назарэтанак “сапраўдным часам навяртання і аднаўлення любові да Бога”, каб яны з большай адданасцю і запалам адкрывалі сэнс свайго прысвячэння і місіі служэння сям’і, шукалі новыя шляхі да рэалізацыі сваёй харызмы.
Завяршылася свята супольным абедам у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Шмурай