Skip to main content

Адышла ў вечнасць сястра назарэтанка Тэрэза Касінская

candles 492171 1280 2Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і курыя Гродзенскай дыяцэзіі паведамляюць, што 27 снежня на 95-м годзе жыцця адышла ў вечнасць сястра назарэтанка Тэрэза Касінская ад Найсвяцейшага Аблічча.

Пахаванне адбудзецца ў панядзелак 30 снежня.

Пахавальная Імша пройдзе ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку, пачатак у 12.00.

50let sluby 1

Сястра Тэрэза нарадзілася 27 кастрычніка 1930 г., пры хросце атрымала імя Сабіна.

30 студзеня 1973 г., адказаўшы на Божы заклік да кансэкраванага жыцця, уступіла ў супольнасць назарэтанак, дзе ёй было дадзена манаскае імя Тэрэза.

На яе жыццёвым шляху не было недахопу ў дарах Божай ласкі. Вялікай ласкай можна назваць і яе асабістае знаёмства ў дзяцінстве з благаслаўлёнымі назарэтанкамі-мучаніцамі з Навагрудка. Дапамогай у тым, каб узрастаць у святасці і ўпэўнівацца ў сваім пакліканні, было для яе шматгадовае сяброўства з с. Малгажатай Банась – адзінай з навагрудскіх назарэтанак, якая засталася ў жывых пасля мучаніцкай смерці астатніх адзінаццаці.

Шмат гадоў сястра Тэрэза служыла ў Навагрудку, дзе сярод іншага верна і аддана дапамагала а. Войцеху Навачыкy ОМІ да самай яго смерці. Таксама яна з вялікай руплівасцю дапамагала сённяшняму біскупу Пінскаму Антонію Дзям’янку, калі ён быў пробашчам парафіі ў Навагрудку, а пазней біскупам у Гродне, Мінску i Пінску.

Апошнія гады сястра Тэрэза праводзіла ў манаскім доме назарэтанак у Гродне, дзе і адышла ў вечнасць у прысутнасці сясцёр сваёй супольнасці, перад смерцю прыступіўшы да святых сакрамэнтаў.