26 снежня, у свята св. Стэфана, першамучаніка, у гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў пешай пілігрымкі з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі i валанцёраў Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці.
Пілігрымка ў Рось і Дзень дзіцяці праходзяць летам. Аплаткавая сустрэча, якая праводзіцца ў перыяд Божага Нараджэння, дае пілігрымам і валанцёрам магчымасць убачыцца і ўспомніць гэтыя падзеі.
Удзельнікі сустрэчы прадстаўлялі некалькі гродзенскіх парафій.
Пачалася сустрэча святой Імшой, якую цэлебраваў кіраўнік пілігрымкі ў Рось кс. канонік Юрый Марціновіч, пробашч парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай. У гаміліі ксёндз Юрый засяродзіў увагу на асобе святога Стэфана, нагадаўшы, што гэты дыякан і першамучанік аддаў жыццё дзеля Хрыста, абараняючы веру. Святар падкрэсліў, што прыклад Стэфана натхняе сённяшніх людзей даваць сваім штодзённым жыццём сведчанне веры.
Пасля Імшы прысутныя падзяліліся аплаткай, павіншаваўшы адзін аднаго са святамі.
Завяршылася сустрэча супольнай гарбатай і спевам калядак. Для ўдзельнікаў яна была добрай нагодай не толькі ўспомніць пілігрымку і Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці, але і паразмаўляць на іншыя тэмы, у тым ліку пра вядомыя ім традыцыі і звычаі, звязаныя з Божым Нараджэннем.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч