У ноч Божага Нараджэння Імшу Пастэрку ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі i яго супрацоўнікі. На літургіі прысутнічалі прадстаўнікі Праваслаўнай і Евангелічна-Лютэранскай Цэркваў.
У катэдральнай святыні, маці ўсіх касцёлаў дыяцэзіі, сабраліся, каб у малітоўнай атмасферы адсвяткаваць прыйсце Пана ў свет, шматлікія вернікі катэдры і іншых парафій горада.
Біскуп Гродзенскі ў гаміліі назваў Езуса “Непераможным Сонцам” для хрысціян, узгадаўшы пра тое, што ў ноч 25 снежня старажытныя рымляне святкавалі дзень нараджэння непераможнага сонца. Іерарх адзначыў, што найважнейшыя падзеі гісторыі збаўлення, пра якія гаворыцца ў Бібліі, адбываюцца ўначы: ноччу Бог вывеў габрэйскі народ з Егіпта, ноччу нарадзіўся Езус, ноччу на Апошняй Вячэры Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі, ноччу ўваскрос.
Гэтак жа, па словах біскупа, “у ноч нашых сумневаў, нашых няўдач, нашай немачы”, Езус – Непераможнае Сонца – “можа распачаць у нашым жыцці справу выратавання”. “Мы таксама ідзём у змроку, таксама робім памылкі, перажываем крызісы, але мы ўпэўненыя, што Хрыстус вядзе нас у зямлю запаветную, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне. – У нашых слабасцях, у нашых ранах, у нашай няздольнасці адказаць на заклік Хрыста і нават у нашым граху – гэта значыць у нашай ночы – знаходзіцца Бог. Менавіта ў гэтую ноч наша вера становіцца больш сталай, наша любоў ачышчаецца ад эгаізму, надзея вызваляецца ад простага аптымізму і пачынае ззяць новым святлом”.
Па словах іерарха, усім людзям трэба “знайсці дарогу ў Бэтлеем” – зрабіць гэта можна шляхам чытання Бібліі, наведвання хрысціянскай святыні. Ён дадаў, што ўсё зло, якое адбываецца ў свеце, – “наступства выбару цемры і адварочвання ад Бэтлеемскіх ясляў”: “Тыя, хто не ідзе ў Бэтлеем у духу пакоры і з пакланеннем, пацерпяць няўдачу, а іх моц абернецца слабасцю. Такія людзі часта хаваюць сваю слабасць у цемры няпраўды”.
Таксама біскуп падкрэсліў, што лепшая калядная батлейка, якую можна падрыхтаваць для Езуса, – гэта “кожны з нас, хто запрашае Яго нарадзіцца ў нашай беднасці”. “Калі мы адкрываем сваю слабасць у святле Бэтлеемскай зоркі, мы прымаем Яго моц і становімся дзецьмі Божымі, – патлумачыў іерарх. – Каб Хрыстус захацеў нарадзіцца ў нашай душы, Яму не патрэбны нашы поспехі, перамогі і подзвігі. Ён хоча, каб мы пакорліва запрасілі Яго нарадзіцца ў нашай галечы”.
“Напаўняйцеся гэтым Жыццём, гэтым Святлом, якое сёння нарадзілася. Напаўняйце свае сэрцы, нясіце яго ў свет”, – заахвоціў біскуп.
У канцы літургіі іерарх сардэчна павіншаваў вернікаў. Ён пажадаў ім вясёлых і спакойных святаў, пажадаў, каб кожны дзень жыцця станавіўся для іх “пілігрымкай надзеі”, a клопаты, праблемы, няўпэўненасць у заўтрашнім дні не засланялі “сапраўдную надзею, Даўцам і Крыніцай якой з’яўляецца сам Бог”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч