Skip to main content

Таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі правяло акцыю “Падорым Раство дзецям”

caritas 3Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі арганізавала перад святамі Божага Нараджэння дабрачынную акцыю “Падорым Раство дзецям”.

Акцыя праводзілася з мэтай падарыць святы Божага Нараджэння дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе. Яна праводзілася ў некалькіх гродзенскіх парафіях, узяць удзел у ёй можна было шляхам набыцця вырабаў з гіпсу і дрэва.

Таварыства “Caritas” дзякуе ўсім людзям добрай волі, асабліва тым, хто прымаў ахвотны ўдзел у гэтай акцыі. “Мы вельмі ўдзячныя за адкрытасць вашых сэрцаў і ахвоту дапамагчы тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, – кажуць прадстаўнікі таварыства. – Хочам выказаць шчырыя словы падзякі ўсім удзельнікам акцыі, кожнаму, хто аказваў падтрымку і далучаўся да яе, а таксама нашым супрацоўнікам, валанцёрам, усім ахвярадаўцам, святарам, кожнай парафіі, якая з цеплынёй прымала нас. Бо гэта вялікі скарб, калі мы адкрываем свае сэрцы на Божыя справы і можам дзяліцца сваёй любоўю з іншымі людзьмі”.

Раман Буднік, які вучыцца на прапедэўтычным курсе Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, адзначае: “У сучасным свеце вельмі шмат людзей, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Як шмат дзяцей, якія не бачаць простых падарункаў на святы, але пра гэта вельмі моцна мараць. І мы можам у гэтым дапамагчы. Даведаўшыся пра акцыю “Caritas”, я адразу захацеў яе падтрымаць. Цяпер мне 17 гадоў, і я сам, адносна нядаўна, жадаў атрымаць падарунак на Каляды. Доўга чакаў, калі ж народзіцца Хрыстус, каб пад ёлкай знайсці падарунак. А цяпер, калі я пасталеў, хачу, каб іншыя дзеці таксама атрымалі падарунак, як я калісьці”. “Набываючы такія прыгожыя вырабы, – дадае Раман, маючы на ўвазе вырабы, якія прадаваліся ў межах акцыі, – мы ўпрыгожваем свае дамы, але ў першую чаргу дапамагаем гэтым дзецям, збіраем для іх падарункі, тым самым робячы Каляды радасным святам для іх. Вельмі цешыць, што гэтую акцыю падтрымала сярод іншых і моладзь. Вялікія чэргі жадаючых купіць вырабы сведчаць аб тым, што ёсць людзі, якім не абыякавы лёс дзяцей. Няхай кожнае дзіця з радасцю сустрэне Божае Нараджэнне”.

У межах акцыі падарункі між іншым атрымала сацыяльна-дабрачынная ўстанова “Рука дапамогі”, якая садзейнічае павышэнню якасці жыцця дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі і членаў іх сем’яў, займаецца адаптацыяй, сацыялізацыяй і рэабілітацыяй, аказвае неабходную дапамогу і падтрымку сем’ям. На дадзены момант у яе звяртаецца больш за 60 сем’яў. Дзякуючы акцыі ўдалося закупіць для ўстановы салодкія падарункі і электрычную бегавую дарожку Victory Fit VF-735 для развіваючых заняткаў і падтрымкі фізічнага стану дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Дырэктар установы Ларыса Санюкевіч выказвае ўдзячнасць таварыству “Caritas”: “Прыемна, што ў нашым асяроддзі ёсць такая арганізацыя і спагадлівыя, добрыя людзі, якія ў ёй працуюць. Шчыра веру, што, каб дапамагчы чалавеку, не трэба быць моцным і багатым – дастаткова быць добрым. Як казаў Марк Твен, “дабрыня – гэта тое, што можа пачуць глухі і ўбачыць сляпы”. Велізарны дзякуй вам за аказаную дапамогу!”

caritas 6 2

Для дзяржаўнай установы адукацыі “Гродзенскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіваючыга навучання і рэабілітацыі” ў межах акцыі былі закуплены бескаркасныя крэслы. Таварыству “Caritas” дзякуе дырэктар установы Алена Федарэнка: “Ваш уклад не толькі зробіць наша жыццё больш камфортным, але і падорыць радасць і ўтульнасць тым, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу. Крэслы-мяшкі стануць сапраўднай крыніцай камфорту і расслаблення для нашых дзяцей. Яны дапамагаюць стварыць бяспечную і прыемную атмасферу, у якой можна адчуваць сябе ўтульна і спакойна. Ваш удзел у гэтай ініцыятыве мае велізарнае значэнне для нас і нашых сем’яў. Мы шчыра цэнім вашу падтрымку і спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва. Разам мы можам зрабіць свет лепшым!”

Таксама ў межах акцыі валанцёры “Caritas” наведалі сем’і, у якіх ёсць дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Валанцёры ўручылі ім падарункі і падзяліліся з імі радаснай весткай аб набліжэнні святаў Нараджэння Пана.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі