21 і 22 снежня дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, наймалодшы каталіцкі іерарх у Беларусі, правёў адвэнтавыя рэкалекцыі ў парафіі Перамяненны Пана ў Крэве (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат) — адной з самых старажытных каталіцкіх парафій у нашай краіне.
Крэўскі касцёл, які відаць здалёк, узносіцца на ўзгорку насупраць руін Крэўскага замка, у якім у 1385 годзе была падпісана гістарычная Крэўская ўнія.
Сучасная святыня была пабудаваная ўжо ў наш час, напрыканцы мінулага стагоддзя, хоць першы касцёл з’явіўся тут у ХІІІ стагоддзі, а парафія ў Крэве, заснаваная ў 1387 годзе, — адна з найстарэйшых сярод тых, якія сёння існуюць на тэрыторыі Беларусі.
На пагорку вялізнымі літарамі напісаны тытул касцёла, а наверсе ўсталяваны 20-тонны камень з памятнай дошкай з нагоды 625-годдзя парафіі. Камень з фігурай Збаўцы на ім благаславіў біскуп Аляксандр Кашкевіч у 2012 годзе.
Біскуп Зноска — аднакурснік крэўскага пробашча ксяндза Юрыя Церабея па семінарыі ў Гродне. Усе святары з гэтага курса разам маліліся ў крэўскім касцёле 30 жніўня 2007 года падчас адной з традыцыйных сустрэч аднкурснікаў, на якія яны рэгулярна збіраюцца.
У суботу, у першы дзень рэкалекцый, біскуп Зноска разам з іншымі святарамі служыў вернікам у канфесіянале сакрамэнтам паядання, пасля чаго ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.
Напачатку пробашч крэўскай парафіі ад імя вернікаў прывітаў біскупа, прысутных святароў, парафіянаў і гасцей, асабліва адзначыўшы сярод прысутных групу творчай інтэлігенцыі з Мінска.
Біскуп Зноска ў прамоўленай гаміліі засяродзіўся на адвэнтавым чаканні пераменаў да лепшага ў жыцці кожнага чалавека.
Іерарх падкрэсліў, што многае людзі могуць зрабіць самі, але не ўсё, і таму заўсёды павінна заставацца прастора, у якой ускладаецца надзея на Бога.
У апошнюю нядзелю Адвэнту іерарх заяродзіўся на служэнні прарокаў, якія прадказвалі і абвяшчалі прыйсце Збаўцы. На прыкладзе прарока Ісаі і святога Яна Хрысціцеля ён адзначыў, што Божае слова актуальнае ў кожную эпоху.
Біскуп Андрэй Зноска таксама звярнуў увагу на распачацце Юбілею 2025 Святога года, пажадаўшы крэўскім вернікам і іх пробашчу шчодрых Божых ласкаў на святы Божага Нарадджэння і на ўвесь надыходзячы юбілейны год.