21 снежня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй напярэдадні святаў Божага Нараджэння наведаў Дом міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат).
У Доме міласэрнасці, якім кіруе Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), ужо амаль 20 гадоў знаходзяць прытулак шмат пажылых і хворых людзей з невылечнымі хваробамі ці інваліднасцю. Частка з іх не ўстаюць з ложка. Людзі, якія там жывуць, належаць і да каталіцкага, і да праваслаўнага веравызнання.
У межах візіту біскуп падзяліўся з жыхарамі Дома міласэрнасці аплаткай – сімвалам святаў Нараджэння Пана. Іерарх выказаў прысутным віншаванні, пажадаўшы найперш здароўя і заахвоціўшы пастаянна быць удзячнымі Богу за ўсё.
Таксама пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў усяму персаналу Дома міласэрнасці на чале з дырэктарам, генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці с. Фаўстынай Цыдзік, за такое патрэбнае людзям служэнне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі