19 снежня у Гродне прайшла традыцыйная аплаткавая сустрэча для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства. Сустрэчу арганізавалі манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта разам з дабрачынным каталіцкім таварыствам “Caritas”.
Удзельнікаў віншавалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, рэктар касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне кс. Антоні Грэмза і пастар гродзенскай лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў. У агульнай колькасці на сустрэчы сабралося каля 200 чалавек.
Звяртаючыся да прысутных, біскуп сказаў, што ўдзячны Богу за магчымасць удзельнічаць у сустрэчы. “Гэтае месца дзякуючы Богу і вам стала святым, сапраўдным Бэтлеемам, – дадаў ён. – Калі мы збіраемся на дзяленне аплаткай, то ўспамінаем самы важны момант у гісторыі чалавецтва – калі Пан прыйшоў на гэтую зямлю і стаў адным з нас”.
Пасля малітвы і ўдзеленага біскупам благаслаўлення прысутныя падзяліліся аплаткамі. Духоўныя асобы выказалі віншаванні.
На абед удзельнікам сустрэчы былі прапанаваны шчаўевы суп, грэцкая каша, каўбаса, гародніна і хлеб. У падарунак кожны атрымаў пачак макароны, тушонку, селядзец, хлеб і булачкі.
Біскуп падзякаваў манахіням і валанцёрам, якія штодзённа кормяць бедных, за адданае служэнне. Іерарх павіншаваў прысутных са святамі Божага Нараджэння. “Дзяліцеся радасцю Нараджэння Пана!” – заахвоціў ён.
Акрамя святочных сустрэч перад Божым Нараджэннем і Вялікаднем, для бедных штодня ладзяцца дармовыя абеды ў адмысловай сталовай. Таксама ў людзей, якія маюць патрэбу ў вопратцы ці абутку, ёсць магчымасць звярнуцца з просьбай аб дапамозе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі