Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі ад імя ККББ даслаў Папу Францішку віншаванне з днём нараджэння

2024 12 17 011017 снежня Святому Айцу Папу Францішку споўнілася 88 гадоў.

Віншаванне Пантыфіку з днём нараджэння даслаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У віншаванні, дастаўленым высокаму адрасату дыпламатычнай поштай праз Апостальскую нунцыятуру ў Беларусі, між іншым, сказана:

«З павагаю кірую Вам віншаванні з Мінска ў Беларусі і ў шчаслівы дзень Вашага нараджэння маю гонар перадаць Вам таксама ад імя дастойных іерархаў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ўсёй супольнасці Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне самыя шчырыя і цёплыя пажаданні.

Няхай усемагутны Бог шчодра благаславіць Вас і Вашае служэнне на пасадзе святога Пятра; няхай учыніць, каб узрастала і прыносіла багаты плён у чалавечых сэрцах Добрая Вестка, якую Вы абвяшчаеце; няхай Ён адорыць Вас моцным здароўем, памножыць Вашыя фізічныя і духоўныя сілы, а таксама няспынна падтрымлівае Вас у штодзённым выкананні заданняў місіі кіраўніка і пастыра Божага народа.

Духавенства, кансэкраваныя асобы і вернікі ў Беларусі яднаюцца з Вамі, Ваша Святасць, узносячы падзяку Богу за ўсе Ягоныя дары, і маюць гонар яшчэ раз запэўніць Вас у сваёй глыбокай павазе і сыноўняй любові, падмацоўваючы іх абяцаннем нястомнай і гарачай малітвы за Вас і ва ўсіх тых інтэнцыях, якія Вы носіце ў Вашым айцоўскім сэрцы».

Паводле Catholic.by