Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Панны Марыі Вастрабрамскай

bezmowanie augustowek 2614 снежня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, у Гродне, узначаліўшы ў парафіяльным касцёле святую Імшу.

На літургіі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі.

У гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне нагадаў, што гэты сакрамэнт узмацняе і завяршае дар хросту, тыя, хто яго прымаюць, атрымліваюць дары Святога Духа, каб стаць сведкамі веры ў свеце.

Па словах біскупа, перыяд Адвэнту, які праходзіць зараз, сакрамэнт канфірмацыі і штодзённае жыццё вернікаў з Богам цесна звязаны.

Ён назваў Адвэнт часам актыўнага чакання, калі чалавек рыхтуе сваё сэрца да прыходу Езуса. Прыкладам у гэтым чаканні іерарх назваў Панну Марыю, якая “вучыць нас давяраць Богу нават у тых сітуацыях, калі мы не ўсё разумеем”, вучыць быць паслухмяным Богу, як Яна сама.

Біскуп адзначыў, што сакрамэнт канфірмацыі – тое ж, што адбылося з апосталамі пры Пяцідзясятніцы. “Яны баяліся, хаваліся ад людзей, але калі Святы Дух сышоў на іх, напоўніліся адвагай, мудрасцю і любоўю. Тыя самыя людзі, якія яшчэ нядаўна былі спалоханымі, сталі прапаведнікамі, якія змянілі свет. Святы Дух, якога вы прымаеце сёння, дае вам дары, якія дапамогуць вам”, – нагадаў біскуп парафіянам, якія прыступілі да канфірмацыі.

bezmowanie augustowek 5

Іерарх падкрэсліў, што гэты сакрамэнт – “запрашэнне да ўсіх нас” і што “Святы Дух дзейнічае ва ўсіх, хто адкрываецца на Яго”. Маладых вернікаў, якія прыступілі да канфірмацыі, ён заклікаў прыняць дары Духа і выкарыстоўваць іх, каб быць святлом у свеце, а людзям старэйшага ўзросту нагадаў, што яны прыклад і натхненне для маладога пакалення і што іх вера, вопыт і сведчанні вельмі патрэбныя.

“Адвэнт вучыць нас быць святлом у свеце, які часта жыве ў цемры. Няхай гэты сакрамэнт стане для нас нагодай, каб адкрыцца Святому Духу і дазволіць Яму дзейнічаць у нашым жыцці. Як Марыя сказала “так” Богу, скажам і мы “так” Яму сёння. І тады нашы сэрцы стануць месцам, дзе народзіцца Хрыстус, а нашыя ўчынкі будуць ззяць Яго любоўю”, – сказаў біскуп.

У канцы Імшы маладыя парафіяне, узбагачаныя ў канфірмацыі дарамі Святога Духа, выказалі падзяку свайму пробашчу кс. Аляксандру Шэмету, катэхетцы с. Людміле і бацькам за прыклад веры і клопат.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Баляслаў Гавецкі