Skip to main content

Вернікі ваўкавыскай парафіі развіталіся са сваім пробашчам

wolkowysk 1715 снежня, у трэцюю нядзелю Адвэнту, вернікі парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску развіталіся са сваім пробашчам кс. Паўлам Звяжынскім. Ён прызначаны пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат).

Час служэння ксяндза Паўла ў ваўкавыскай парафіі быў непрацяглым, але парафіяне адзначылі яго дабрыню, чуласць, разважлівасць, працавітасць, стрыманасць, сціпласць, прастату і цярплівасць. Па словах вернікаў, ціхі голас святара заклікаў да цішыні, у якой можна было адчуць прысутнасць Пана Бога, Яго айцоўскую любоў і адказ на свае малітвы.

wolkowysk 5

Таму трэцяя нядзеля Адвэнту, якая называецца Нядзеляй “Gaudete”, ці Нядзеляй радасці – паколькі ў гэты дзень Касцёл радуецца набліжэнню прыйсця Езуса Хрыста ў Яго Нараджэнні, – была для парафіян адначасова радаснай і сумнай. Вернікі дзякавалі пробашчу за ахвярнае служэнне, навуку, якую ён даносіў да іх у казаннях, шчырае сэрца і добразычлівасць. Яны пажадалі яму моцнага здароўя, дароў Духа Святога на далейшым жыццёвым шляху, цярплівасці, душэўнага супакою, апекі Маці Божай. Таксама парафіяне паабяцалі атуліць ксяндза Паўла малітвай, бо, як сказалі яны, святар – частка Божага плану па збаўленні свету і найлепшы падарунак тым, хто забыўся на Божае падабенства і заблукаў у цемры сучасных рэалій.

На развітанне ксёндз Павел падзякаваў парафіянам за супольную працу, удзяліў усім благаслаўленне, а дзецям уручыў салодкія падарункі ад святога Мікалая.

Жанна Вераціла, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі