Skip to main content

Моладзь гродзенскай катэдры наведала дом-інтэрнат у Галавічполлі

galowiczpolle 914 снежня моладзь гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя разам са сваім душпастырам кс. Яўгенам Амасёнкам, вікарыем парафіі, наведала дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Галавічполлі.

Маладыя вернікі гродзенскай катэдры стараюцца наведваць гэты дом-інтэрнат кожны год. “Каб вучыцца жыць, – кажуць яны самі. – Бо ў сённяшнім свеце людзі няспынна скардзяцца, таму што зноў і зноў нечым незадаволеныя: дрэннае надвор’е, нізкія заробкі, высокі курс валют, непрыемныя суседзі, цяжкая праца і гэтак далей... Людзі забыліся, як гэта – радавацца: таму, што прачнуліся, што могуць хадзіць, могуць наведваць сяброў, могуць самастойна паклапаціцца пра сябе і блізкіх... А Галавічполле вучыць менавіта гэтаму. Калі бачыш гэтых дзетак – і дарослых, якія назаўсёды застануцца дзецьмі, – такіх радасных проста таму, што да іх прыехалі госці, проста таму, што атрымалі сціплы падарунак, проста таму, што ім ахвяравалі час, то пачынаеш інакш глядзець на сваё жыццё. Пачынаеш быць удзячным Богу за ўсё”.

galowiczpolle 19

Сёлета моладзь рыхтавалася да сустрэчы з пацыентамі дома-інтэрната загадзя. У падарунак пацыентам маладыя людзі зрабілі рознакаляровыя сэрцы з фетру. Такіх цацак было зроблена ў агульнай колькасці каля 150, гэтай справе моладзь прысвяціла некалькі сустрэч, некаторыя бралі працу дахаты. Такім чынам, перадаць дзецям-інвалідам сваю цеплыню, схаваную ў фетравых сардэчках, змаглі і тыя з маладых вернікаў, хто не прысутнічаў у Галавічполлі.

Для дзяцей была падрыхтавана танцавальная праграма, у якой маглі паўдзельнічаць і яны самі. Потым госці падзяліліся з імі аплаткамі. Дзелячыся аплаткамі, дзеці прасілі адзін у аднаго прабачэння і абдымаліся.

Дзеці прачыталі гасцям вершы, а ў падарунак атрымалі сардэчкі з фетру і пачастунак – садавіну і салодкія прысмакі.

У іншых аддзяленнях маладыя парафіяне таксама раздалі падарункі і паразмаўлялі з пацыентамі. Адміністрацыя дома-інтэрната падзякавала гасцям за візіт і запрасіла іх на гарбату.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі