7 снежня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафіяльную супольнасць св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат).
Іерарх узначаліў у старадаўняй геранёнскай святыні адпустовую Імшу ў гонар галоўнага нябеснага апекуна парафіі – святога Мікалая, які ўспамінаецца ў літургічным календары днём раней. Вернікі парафіі глыбока шануюць гэтага святога і звяртаюцца да яго ў сваіх патрэбах. На Імшы сабралося шмат парафіян, у тым ліку дзяцей, у якіх постаць святога Мікалая асабліва асацыюецца з падарункамі.
Біскуп цэлебраваў літургію ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную сям’ю на чале з яе пробашчам кс. Віталіем Пяткевічам.
У гаміліі біскуп сказаў, што святы Мікалай сваім жыццём і дзейнасцю паказвае, як быць сведкамі Божай любові ў паўсядзённым жыцці. Хоць у культуры ён шырока вядомы ў асноўным у кантэксце падарункаў, для хрысціян ён перш за ўсё з’яўляецца ўзорам, як трэба жыць у веры, дабрыні і дапамозе бліжнім, адзначыў іерарх.
Ён нагадаў, што Мікалай, які жыў у першыя стагоддзі хрысціянства, быў чулым да чалавечай бяды і цярпення, імкнуўся дапамагчы кожнаму, хто быў у нястачы, не чакаў падзякі за сваю шчодрасць, не жадаў славы, а стараўся рабіць дабро так, каб ягоныя справы заставаліся ў таямніцы. Ён часта пакрыёма падкідаў бедным бацькам падарункі і радаваўся сам, гледзячы на іх радасць. Стаўшы пазней біскупам, ён нёс сваё служэнне аддана і самаахвярна, не толькі абвяшчаў Божае слова хрысціянам, але і імкнуўся навярнуць язычнікаў. У час пераследу хрысціянаў ён правёў некалькі гадоў у вязніцы, потым выйшаў на волю і дажыў да старасці, і традыцыя кажа, што ў момант яго адыходу ў вечнасць з’явіліся анёлы.
За сямнаццаць стагоддзяў, якія аддзяляюць сённяшні час ад часу жыцця святога, многія падзеі з яго жыцця забыліся або ператварыліся ў легенды, аднак у апавяданнях пра яго, напэўна, ёсць зярнятка праўды, сказаў біскуп. Па яго словах, Мікалай найперш нагадвае сучасным людзям пра неабходнасць шчодра дапамагаць бліжнім і пра тое, як поўнасцю ажыццяўляць хрысціянскае пакліканне праз практыкаванне любові ў канкрэтных формах – матэрыяльную і духоўную дапамогу.
Кажучы пра імкненне Мікалая не выстаўляць свае добрыя ўчынкі напаказ і нават хаваць іх, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне патлумачыў: “Міласэрнасць жадае ўшанаваць чалавека і яго годнасць, якой ніхто і нішто не можа пазбавіць. Таму яна заклікае да павагі і нагадвае, што можна даць чалавеку многа і параніць яго сэрца, а можна даць няшмат і такім учынкам парадаваць”.
“Сёння, у свеце, дзе часам важныя толькі прыбыткі і асабістыя інтарэсы, постаць святога Мікалая для нас – напамін, што сапраўднае шчасце заключаецца ў тым, што я дзялюся з іншым чалавекам сваім сэрцам і тым, што маю”, – падкрэсліў біскуп. Таму, адзначыў ён, варта задаць сабе пытанне: як мы ставімся да бліжніх, ці можам дапамагаць ім, як Мікалай, бескарысліва, не чакаючы нічога ўзамен, і ці адкрытыя нашы сэрцы на патрэбы іншых, асабліва тых, каму дапамога найбольш патрэбна?
Біскуп дадаў, што ў сучасным свеце, поўным напружанасці і несправядлівасці, прыклад Мікалая заклікае не быць абыякавымі да крыўды іншых: гаворка не толькі пра вялікія ўчынкі гераізму, але і пра штодзённыя маленькія жэсты абароны праўды.
Такім чынам, па словах іерарха, браць прыклад з гэтага святога можна, па-першае, праз дапамогу іншым, па-другое, праз справядлівасць і абарону тых, хто ў цяжкай сітуацыі, па-трэцяе, праз малітву. Біскуп заахвоціў вернікаў прасіць Мікалая дапамагчы ім “быць падобнымі да Хрыста і зрабіць гэты Адвэнт больш радасным і багацейшым для нас як у духоўным, так і ў матэрыяльным сэнсе”.
У канцы Эўхарыстыі пробашч падзякаваў іерарху за візіт і малітву ў інтэнцыі парафіян, у тым ліку каб час Адвэнту стаў для іх добрай падрыхтоўкай да сустрэчы з Хрыстом у Яго Нараджэнні.
Пасля Імшы дзеці атрымалі ад святога Мікалая салодкія падарункі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі