8 снежня, у вігілію ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай былі заснаваны тры колы Ружанца.
Адно кола, жаночае, названа ў гонар бл. Мар’яны Бярнацкай, другое, мужчынскае, – св. Юзафа, Абранніка Панны Марыі, трэцяе, дзіцячае, – у гонар фацімскіх дзяцей.
Пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч на Эўхарыстыі благаславіў малітоўнікі з таямніцамі Ружанца для 60 парафіян, якія ўваходзяць у гэтыя колы. Члены ружанцовых колаў сказалі, што хочуць агарнуць малітвай свае сем’і, парафію і ўвесь свет, поўны войнаў, пакутаў, сумненняў і бязвер’я.
Пробашч выказаў спадзяванне, што дзякуючы іх глыбокай малітве і Маці Божай, да чыіх ног яны гэтай малітвай будуць сыпаць ружы, паколькі Ружанец красамоўна называецца ўскладаннем ружаў да ног Панны Марыі, прыйдуць выратаванне, святло і дапамога.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч