9 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу, адзначыўшы такім чынам 35-годдзе з часу сваёй біскупскай сакры.
Арцыбіскуп наведаў гэтую парафію, дзе служаць францішкане, па запрашэнні яе пробашча а. Сяргея Мігуна OFM Conv. Яна з’яўляецца для іерарха асаблівай: ён быў яе пробашчам, калі ў 1989 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам – першым у Беларусі пасля Другой сусветнай вайны – і адсюль паехаў у Рым на сваё біскупскае пасвячэнне; акрамя таго, яго маці, калі ў дзяцінстве ён захварэў, прынесла яго ў гэты касцёл і даручыла Панне Марыі.
У гаміліі іерарх засяродзіў увагу ў першую чаргу на праўдзе веры аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі. Ён нагадаў, што гэты догмат быў аб’яўлены 170 гадоў таму, у 1854 г., благаслаўлёным Папам Піем ІХ, і той час, калі адбывалася тэхнічная рэвалюцыя, быў складаным. “Цёмнай старонкай працэсу тэхнічнай рэвалюцыі была сацыяльная несправядлівасць, што вяло да заняпаду маральнасці, чаму спрыяла марксісцкая ідэалогія, што рэлігія – опіум для людзей, – адзначыў арцыбіскуп. – Адказам Касцёла стаў догмат пра Беззаганнае Зачацце Марыі з мэтай паказаць свету іншую опцыю – а менавіта духоўную чысціню”.
Як дадаў іерарх, у абвяшчэнні гэтага догмату Папа падкрэсліў, што Панна Марыя была зачата без граху моцаю будучых заслуг Яе Сына Езуса Хрыста, а пацверджана праўда пра Беззаганнае Зачацце была самой Марыяй падчас аб’яўленняў святой Бернадэце Субіру ў Люрдзе ў 1858 г. З’явіўшыся перад Бернадэтай, Маці Божая на пытанне, хто Яна такая, адказала ёй: “Беззаганнае Зачацце”. Тым самым неба пацвердзіла гэтую праўду веры, заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Кажучы пра тое, што звязвае яго з гэтай парафіяй, ён узгадаў наступны выпадак. Калі ён быў грудным дзіцём, то вельмі моцна захварэў і разам з маці ляжаў у шпіталі побач з францішканскім касцёлам. Маці прынесла яго ў касцёл, паклала на алтар і даручыла Панне Марыі, сказаўшы: “Рабі з ім, што хочаш”. Па словах арцыбіскупа, ён упэўнены, што менавіта дзякуючы заступніцтву Багародзіцы адчуў пакліканне да святарства, і таксама з Маці Божай было звязана яго рашэнне пайсці ў семінарыю: гэтае рашэнне ён прыняў у Вострай Браме ў Вільні, дзе ўшаноўваецца Панна Марыя Вастрабрамская.
Арцыбіскуп распавёў, што пасля пераезду з Адэльска, дзе нарадзіўся, у Гродна жыў недалёка ад францішканскага касцёла, з яго ж, узяўшы ўдзел у Імшы, паехаў вучыцца ў Ленінград, наведваў гэты касцёл і пазней, калі стаў інжынерам. Акрамя таго, у гэтым касцёле ён знайшоў у матчыным малітоўніку малітву аб пакліканні да святарства для сына, што вельмі моцна паўплывала на прыняцце ім рашэння стаць святаром.
14 лютага 1988 г. ён уступіў у абавязкі пробашча дзвюх гродзенскіх парафій: гэтай, францішканскай, і парафіі фарнага касцёла. З францішканскага касцёла ён, калі стаў прызначаны біскупам, паехаў у Рым на сваё біскупскае пасвячэнне. 27 кастрычніка 1989 г. у гэтым касцёле ён цэлебраваў сваю першую Імшу ў якасці біскупа. Адсюль жа ў маі 1991 г. ён паехаў на служэнне ў Маскву.
Іерарх выказаў падзяку Богу і Маці Божай за 35 гадоў біскупскага служэння – спачатку ў Беларусі, потым у Расіі і зноў на Радзіме, – і падзякаваў вернікам за малітвы ў яго інтэнцыі. Ён дадаў, што Божы Провід паслаў яго “адраджаць Касцёл з руінаў у Беларусі і з попелу – у Расіі” і што задача гэтая была складанай, але Бог дапамог з ёю справіцца праз заступніцтва Панны Марыі, а таксама дзякуючы падтрымцы вернікаў і людзей добрай волі.
У канцы іерарх папрасіў вернікаў маліцца аб тым, каб ён і далей мог годна выконваць біскупскія абавязкі. Акрамя таго, ён заахвоціў іх заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню, нягледзячы на секулярныя тэндэнцыі, і ставіць на першае месца Бога, “у якім наша надзея”.
Парафіяне, у тым ліку дзеці, павіншавалі арцыбіскупа з круглай датай, пажадаўшы яму ў першую чаргу добрага здароўя для далейшага служэння Касцёлу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі