З 1 па 8 снежня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Зэльве (Слонімскі дэканат) прайшлі святыя місіі.
Місіі праходзяць раз у 10 гадоў і ўяўляюць сабой комплекс спецыяльных набажэнстваў, сустрэч, малітваў, казанняў, музычных замалёвак. На гэты раз яны былі праведзены ў год 35-годдзя з часу паўторнага асвячэння зэльвенскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Арганізатары місійных сустрэч ксяндзы Томаш Ксянжкевіч CMF і Міхал Васількевіч пры планаванні іх тэматыкі вырашылі закрануць такія тэмы, як значэнне Бога ў жыцці чалавека з нараджэння да смерці, тое, як навучыцца чуць голас Бога, Біблія як Кніга, у якой можна знайсці ўсе пытанні, якія хвалююць чалавека, самота як дар, які вядзе да пазнання Божых праўдаў, успрыняцце фізічных і духоўных пакутаў як шляху да збаўлення, сужэнства як вялікая таямніца, значэнне любові ў жыцці хрысціяніна, пакаянне і ўміласціўленне, значэнне малітвы за памерлых для іх саміх і тых, хто за іх моліцца, разважанне над таямніцамі Ружанца і Мукай Хрыста падчас Крыжовага шляху.
Парафіяне мелі магчымасць быць не проста слухачамі казанняў місіянераў, але і непасрэднымі ўдзельнікамі, паколькі місіі мелі на ўвазе не столькі фізічную прысутнасць і ўвагу вернікаў, колькі ўключэнне іх у Хрыста, у актыўныя духоўныя практыкі, у працу над сабой і часта над сваімі памылкамі. “Гэта каштавала намаганняў, – дзеліцца парафіянка Святлана Жабрун, – але заўважалася, што на кожнай сустрэчы ўсё больш людзей, яны смялей уключаюцца ў дыялог з душпастырамі, мацней чакаюць духоўных песень у выкананні ксяндза Міхала і ўсё цішэй выхад са святыні пасля казанняў як вынік працягу ўнутранай працы Слова, кінутага ў плённую зямлю”.
“Кожнае слова місіянераў кранула, кожны іх жыццёвы прыклад запомніўся, кожная прапанаваная імі духоўная практыка адгукнулася ў маёй душы, – распавядае парафіянка. – Пасля казання аб сэнсе пакутаў на зямлі тваё нараканне становіцца цішэй ад усведамлення цяжкасці крыжа Хрыста і пры выглядзе пакутаў знаёмых і незнаёмых мне людзей. Слова апостала Паўла да Рымлянаў, яркія жыццёвыя прыклады – і вось ужо нараканне знікае, мой унутраны бунт паступова сыходзіць, яго месца займае ціхая надзея: чым мацней мае пакуты, чым большы і цяжэйшы мой асабісты ўмоўны крыж, тым хутчэйшым і прасцейшым будзе мой шлях у Дом Айца Нябеснага”.
У межах місій адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, на якім сабралося шмат сямейных пар. “Ад шчырасці пачуццяў у касцёле стала цяплей, – кажа Святлана Жабрун, – і аднаго толькі ззяння вачэй хапіла б, каб асвятліць і асвяціць родны касцёл любоўю і пяшчотай”.
Нечаканым па сіле ўздзеяння парафіянка называе пятнічнае набажэнства пакаяння і ўміласціўлення, якому папярэднічалі строгі пост і місійная навука аб уменні прасіць прабачэння і прабачаць. Як распавядае Святлана, “пранікнёныя словы місіянера падрыхтавалі да галоўнага”, а прыклад пробашча, які прасіў прабачэння ў кожнага з парафіян, “стаў квінтэсенцыяй набажэнства і падштурхнуў, няхай пакуль толькі вачыма, знайсці ў касцёле таго, у каго ты хацеў бы папрасіць прабачэння”.
Праграма місій уключала таксама Ружанец і Вяночак да Божай Міласэрнасці. “Гісторыя ўзнікнення малітвы Ружанца і духоўная практыка сумеснага разважання кажа нам: збаўленне ў малітве, у паслухмянасці, у даверы, у любові”, – дзеліцца думкамі з гэтай нагоды Святлана Жабрун.
“Словы казання аб тым, што наша зямное жыццё – толькі падарожжа ў напрамку да жыцця вечнага, маглі б застацца проста словамі, калі б не былі падмацаваны яскравым доказам: магіламі дарагіх нам людзей, – расказвае Святлана. – Сустрэча парафіян на могілках і сумесная малітва над магіламі нашых блізкіх натхняе на больш дакладнае разуменне таго, што наша зямное жыццё – некалькі дзясяткаў гадоў, а жыццё, якое падрыхтаваў нам Бог і якое адкупіў смерцю Яго Сын, – вечнасць, якую нам трэба заслужыць, у тым ліку малітвай за памерлых”.
Па словах парафіянкі, Крыжовы шлях у межах місій быў задуманы, відаць, як магчымасць быць з Хрыстом на тым Крыжовым шляху, які здзейсніў Ён сам перад сваім укрыжаваннем, прайсці Ягоны шлях з Ім, засведчыць сваю прыналежнасць да хрысціянскай веры. “Дамы нашых парафіян былі ў гэты час пустымі, – кажа Святлана, – кожны выйшаў на Крыжовы шлях, трымаючы ў руках уласны крыж. І гэты крыж быў настолькі сімвалічным і дазволіў кожнаму з нас настолькі наблізіцца да Хрыста, што, напэўна, гледзячы на нас, Ён радаваўся і гатовы быў прабачыць нам нашы грахі…”
Фінальнай тэмай місій і абагульненнем важнейшых пастулатаў хрысціянскай веры стала тэма Эўхарыстыі. Парафіяне маглі ўзгадаць, што Эўхарыстыя дае магчымасць з’яднацца з Богам у Хрысце і падзякаваць Яму за гэта. Святлана Жабрун выказвае свае разважанні на гэты конт: “Нічога няма важней для нас, чым Цела і Кроў Хрыста. Ён сам завяшчаў нам Сябе і прыходзіць да нас штодзённа. Нам застаецца толькі быць гатовымі да гэтай сустрэчы не раз і не дзесяць раз у год…”
Вянцом місійных сустрэч стала ўрачыстасць тытулу зэльвенскага касцёла – Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ў парафіі адзначылі ў другую нядзелю Адвэнту. Такім чынам, як адзначае Святлана, місіі завяршыліся вельмі сімвалічна: “і вялікі подзвіг Марыі, і наш маленькі штодзённы жыццёвы подзвіг у паслухмянасці волі Бога Айца”.
“Уздзеянне гэтых місій на нас не скончыцца, – кажа Святлана. – Не забываюцца добрыя ўсмешкі святароў, адкрыцці, якія яны зрабілі для нас у нас жа саміх… Агеньчык надзеі, які яны запалілі ў нашых душах, павінен гарэць калі і не заўсёды, то вельмі доўга. Цяпер ужо наша задача зберагчы агеньчык веры, любові і надзеі, не дазволіць сваёй духоўнай ляноце пагасіць яго. Цяпер я адчуваю, што кожны з нас можа быць у некаторай ступені місіянерам…”
Парафіяне выказваюць падзяку ксяндзам Томашу Ксянжкевічу і Міхалу Васількевічу “за змястоўныя і павучальныя казанні, за сумесныя малітвы, за прыклад пакаяння і працу споведзі, за навуку, даступную для дзяцей і моладзі, за музычныя сюрпрызы і тое, што місіі дапамаглі вернікам годна падрыхтавацца да Божага Нараджэння і пашырыць веданне асноваў сапраўднага хрысціянскага жыцця”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі