8 снежня, у другую нядзелю Адвэнту, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафіяльную супольнасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве.
Іерарх узначаліў у парафіяльным касцёле святую Імшу, на якой некалькі чалавек былі прыняты ў шэрагі літургічнай службы алтара.
Пробашч кс. Андрэй Лішко назваў магчымасць маліцца ў Адвэнт са сваім пастырам вялікай радасцю і ласкай для парафіян і выказаў перакананне, што гэтая супольная малітва паспрыяе іх глыбейшай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння.
У гаміліі біскуп звярнуў увагу на постаць св. Яна Хрысціцеля і яго заклік рыхтаваць дарогу Пану. Іерарх патлумачыў, што заклік Яна рабіць крывыя шляхі прамымі, а няроўныя гладкімі азначае жыць так, каб сваім жыццём не засланяць Бога, не хавацца ад Яго за грахамі, эгаізмам, капрызамі; “зрабіць сваё жыццё празрыстым для Бога, каб Ён мог глядзець у яго, зазіраць у нашы сэрцы, бачыць там усё”.
Біскуп назваў найгоршым у гэтай сітуацыі тое, калі чалавек хаваецца ад Бога, апраўдваецца, што не можа чагосьці зрабіць, што яго цяжкасці нельга пераадолець і яны засланяюць Бога. “Тады Хрыстус кажа яму перастаць хавацца, не ўкрывацца за рознымі вірамі і крывізной, што з’яўляюцца ў яго жыцці, а выйсці на дарогу, – сказаў іерарх. – Калі Езус ёсць дарога, гэта азначае, што Ён нейкім невядомым для нас чынам прысутны ва ўсім, што чалавек перажывае ці з чым сутыкаецца”.
Час Адвэнту пастыр Касцёла на Гродзеншчыне назваў чарговай нагодай, каб “даверыцца Хрысту, які нас вядзе па дарозе жыцця”, нагодай, каб “яшчэ раз зразумець, што на жыццёвай дарозе мы ніколі не адны: Бог са сваёй ласкай заўсёды побач і вядзе нас”. Біскуп дадаў, што трэба браць прыклад са святых, бо яны “ішлі шляхам Езуса, таму добра ведалі, як паводзіць сябе”: Панна Марыя рабіла тое, чаго чакаў ад Яе Пан, давярала Яму, хоць і не была ў чалавечым разуменні цалкам упэўнена, Ян Хрысціцель не наракаў на свой лёс, не выказваў Богу прэтэнзій за тое, што паклікаў яго і замест іншых накіраваў у пустыню, рабіў, што мог, прапаведаваў.
Біскуп прапанаваў кожнаму падумаць над пытаннем: “Ці магу я выйсці са сваіх страхаў і абвясціць, што Бог мацнейшы за пустыню, якая мяне акружае?” Ён патлумачыў, што пустыня – час выпрабавання, неабходнага для ачышчэння сэрца чалавека ад усяго, што яго знявольвае, “інакш, без унутранай свабоды, мы не здольныя прыняць Божае абяцанне”. Перыядам “пустыні”, шанцам адмовіцца ад усяго другаснага, каб даць месца галоўнаму, магчымасцю пабыць у цішыні, каб адчуць заклік да навяртання, з’яўляецца, па яго словах, Адвэнт.
Іерарх адзначыў, што для навяртання трэба быць гатовым адмовіцца ад чагосьці старога ў сабе, каб даць месца новаму. Ён дадаў, што працэс навяртання ніколі не можа спыніцца ў жыцці верніка і што “Пан вядзе нас шляхам усё большай унутранай свабоды, каб мы больш прыпадабняліся да Божага Сына”. Біскуп падкрэсліў, што кожны дзень – магчымасць адкрыцца на ласку навяртання, “каб наша бачанне і спосаб дзеяння ўсё дакладней адлюстроўвалі тую любоў, прыклад якой нам пакінуў Езус”.
Біскуп заахвоціў вернікаў паспрабаваць правесці сёлетні Адвэнт так, каб гэты час, які вядзе да сустрэчы са Збаўцам у таямніцы Божага Нараджэння, унёс нешта добрае ў гісторыю іх жыцця, а магчыма, і жыцця іх блізкіх.
Парафіяне выказалі пастыру Касцёла на Гродзеншчыне ўдзячнасць за візіт і за яго слова.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі