Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч у Гродне: Адвэнт павінен спрыяць адмове ад паталогій духоўнага жыцця

alszanka adwent 148 снежня, у другую нядзелю Адвэнту, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Імшу ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) – самай вялікай парафіі ў горадзе.

Іерарх цэлебраваў літургію па запрашэнні пробашча парафіі кс. каноніка Паўла Салабуды.

У гаміліі арцыбіскуп засяродзіў увагу на значэнні Адвэнту. Іерарх нагадаў, што гэты час прызначаны для чування ў чаканні Хрыста, паколькі людзі не ведаюць, калі Ён прыйдзе, і што гэтае чуванне “павінна быць не камерцыйным, а духоўным”.

“На жаль, Езус са сваім евангельскім радыкалізмам становіцца таксічным для сучаснага чалавека, які ўсё тлумачыць з рацыянальнага пункту гледжання. Езус яму не патрэбны, ён хоча заняць месца Бога і думае, што можа ўсё”, – сказаў арцыбіскуп. Аднак, падкрэсліў ён, трэба жыць боскім жыццём у кожны момант – “гэта азначае цяпер, бо па-за цяперашнім момантам няма рэальнасці: учарашні дзень мінуў і не вернецца, заўтрашні яшчэ не наступіў, адзіная рэальнасць – цяпер, і ў гэтай рэальнасці Бог павінен прысутнічаць сваёй ласкай”.

alszanka adwent 6

Па словах іерарха, на авансцэне другой нядзелі Адвэнту знаходзіцца асоба св. Яна Хрысціцеля, пасланага Богам падрыхтаваць дарогу Збаўцу. Разважаючы над евангельскім чытаннем, дзе гаворыцца, што Ян заклікаў засыпаць даліны, зраўняць пагоркі і выпрастаць крывыя дарогі, арцыбіскуп патлумачыў, што маецца на ўвазе дарога да чалавечага сэрца, даліны – сімвал духоўнай пустэчы і адсутнасці малітвы, горы – сімвал пыхі, гневу і эгаізму, крывыя дарогі – сімвал двайнага жыцця, якое дэфармуе хрысціянскую асобу.

“Бог прыходзіць да нас, але часта не заспявае дома ці мы не маем на Яго часу. Стукае ў дзверы нашых сэрцаў, а мы не хочам іх адчыніць. Можа, мы згубілі ключы і не хочам шукаць, бо нам і так добра. Нас задавальняе магчымасць паесці, паспаць і мець доступ да Інтэрнэту”, – з жалем адзначыў іерарх і падкрэсліў, што Адвэнт як час навяртання “павінен спрыяць адмове ад гэтых паталогій духоўнага жыцця, бо найбольшая трагедыя сучаснага чалавека – страта пачуцця граху”.

Па яго словах, заклік Яна Хрысціцеля да пакаяння і навяртання актуальны і сёння, бо “вядзе да акіяну Божай міласэрнасці – адзінай надзеі сучаснага свету”.

Вечарам гэтага дня арцыбіскуп эмерыт узяў удзел у катэхізацыі для дарослых, якая праходзіла ў парафіі, і адказаў на пытанні прысутных, у прыватнасці аб пакліканні да святарства, прэзбітэрскім і біскупскім служэнні.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі