У другую нядзелю Адвэнту, 8 снежня, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Арцыбіскуп, заснавальнік гродзенскай семінарыі, цэлебраваў літургію па запрашэнні яе рэктара кс. каноніка Віталія Вайцяхоўскага з нагоды 35-годдзя з часу сваёй сакры, а таксама з нагоды патранальнага свята семінарыі. Беззаганна Зачатая Панна Марыя, якую Касцёл успамінае 8 снежня, з’яўляецца нябеснай Апякункай гэтай навучальнай установы.
У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што на авансцэне Адвэнту знаходзіцца святы Ян Хрысціцель са сваім заклікам падрытаваць дарогу Збаўцу, які прыходзіць у свет. Іерарх прыгадаў выраз “па благой дарозе далёка не заехаць” і заўважыў, што такое ж правіла дзейнічае ў духоўным жыцці. “Езус прыходзіць да нас у Божым слове, сакрамэнтах і іншай касцёльнай дзейнасці, але дарога да нашых сэрцаў не заўсёды расчышчана. Ён стукае ў іх дзверы, але мы не чуем. Магчыма, мы згубілі ключы ад іх і не хочам знайсці. Можа, Ён “шле SMS” ці “тэлефануе” нам, але наш “тэлефон” заняты, і мы не чуем Яго. Таму Ён не можа прыйсці нам на дапамогу, і мы застаёмся сам-насам са сваімі праблемамі”, – сказаў арцыбіскуп.
Ён адзначыў, што Касцёл у Беларусі ў часы атэізму прайшоў праз шмат выпрабаванняў і адной з праблем была крытычна малая колькасць святароў. “Здавалася, што са смерцю апошняга Касцёл перастане існаваць. Аднак Бог не пакінуў нас”, – заўважыў іерарх, дадаўшы, што “перабудова”, якая пачалася ў сярэдзіне 80-х гадоў, прынесла “адлігу”, “у паветры запахла зменамі ў адносінах да Касцёла”. Нагадаў ён і пра тое, што тады ж, 35 гадоў таму, Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам – першым у Беларусі пасля Другой сусветнай вайны.
Па словах арцыбіскупа, сярод масы праблем, якія ў той час трэба было тэрмінова вырашаць, была падрыхтоўка новых святароў: спачатку гэтая ідэя здавалася ўтапічнай, паколькі не было семінарыі – і неабходныя былі дазвол яе адкрыць, будынак для яе і выкладчыкі, – “але было ўнутранае перакананне, што семінарыя патрэбна, бо яна – сэрца мясцовага Касцёла”.
Арцыбіскуп прыгадаў, што, нягледзячы на складанасці, удалося атрымаць дазвол на заснаванне семінарыі і на выкарыстанне для яе часткі будынка, дзе яна цяпер знаходзіцца, і 1 верасня 1990 г. адбылося яе афіцыйнае адкрыццё, якое стала вялікім святам. Па словах іерарха, годам раней ніхто не мог і падумаць, што ў Беларусі будзе свая каталіцкая семінарыя, але “немагчымае для чалавека стала магчымым для Бога”, і “ў Касцёл на Беларусі, Містычнае Цела Езуса, пацякла свая кроў у постаці сваіх новых святароў, распачалася рэанімацыя гэтага Цела”.
Арцыбіскуп адзначыў, што святар абвяшчае Божае слова, асвячае людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіруе верным народам у служэнні яму; тым самым святар як быццам выконвае функцыю Яна Хрысціцеля – рыхтуе дарогу Збаўцу, які прыходзіць у душы людзей, і “становіцца голасам, які ў пустыні бязвер’я кліча да пакаяння і навяртання, каб усе народы ўбачылі збаўленне Пана”.
Іерарх звярнуў увагу на тое, што семінарыя – месца, дзе “адбываецца фармацыя будучых слуг алтара, каб яны былі сучаснымі баганосцамі і спецыялістамі па сустрэчы чалавека з Богам”. Ён назваў семінарыю сэрцам Касцёла ў Беларусі і пажадаў гэтаму “сэрцу” “быць здаровым і працаваць без арытміі”. Семінарыстаў ён заахвоціў браць прыклад з Беззаганна Зачатай Марыі і на кожны Божы заклік разам з Ёй адказваць сваім “fiat” – згодай з Божай воляй.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак