Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч ва ўспамін св. Мікалая цэлебраваў раратнюю Імшу ў гродзенскай парафіі

mikolaja olszanka 66 снежня, ва ўспамін св. Мікалая, біскупа, раратнюю Імшу ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У літургіі ўдзельнічала вялікая колькасць дзяцей.

У гаміліі, якая мела форму дыялогу з дзецьмі, арцыбіскуп засяродзіў увагу на тэме Адвэнту, значэнні Найсвяцейшай Панны Марыі ў гісторыі збаўлення і асобе святога Мікалая.

Дзеці ахвотна і вельмі добра адказвалі на пытанні іерарха, што сведчыла аб высокім узроўні катэхізацыі ў парафіі, разважалі аб сэнсе Адвэнту як часу падрыхтоўкі да Божага Нараджэння і другога прыйсця Езуса, акцэнтуючы значэнне чування.

Асаблівая ўвага была звернута на Панну Марыю, Маці Езуса. У размове арцыбіскупа з дзецьмі было адзначана, што прыклад Яе малітвы і паслухмянасці Божай волі вельмі патрэбны ў наш час і што малітва прабівае нябёсы, а згода з Божай воляй робіць людзей шчаслівымі.

mikolaja olszanka 7

Вельмі цікавіліся дзеці асобай святога Мікалая. Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што гэты святы, які ўшаноўваецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве, праславіўся чысцінёй веры і яе абаронай, таму яго прыклад вельмі актуальны ў наш час, калі трэба бараніць веру. Іерарх дадаў, што, акрамя гэтага, святы Мікалай вядомы рознымі цудамі і дабрачыннасцю і дзеці асабліва любяць яго, бо ён дорыць ім падарункі.

Арцыбіскуп заахвоціў дзяцей і іх бацькоў праводзіць час Адвэнту ў духу навяртання, ушаноўваць Панну Марыю, сваю духоўную Маці, і быць добрымі, як святы Мікалай.

Пасля Імшы арцыбіскуп урачыста прывітаў святога Мікалая, які ў гэты дзень наведаў маленькіх парафіян. Той распавёў ім гісторыі са свайго жыцця, расказаў таксама пра тое, якія цуды здзейсніў, а ў канцы ўручыў дзецям падарункі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі