5 снежня студэнты прапедэўтычнага перыяду Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі супольнасць айцоў рэдэмптарыстаў і гродзенскую парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка), дзе служаць рэдэмптарысты.
Пробашч парафіі а. Анджэй Ядкоўскі CSsR у братэрскай размове распавёў гасцям пра гэтую манаскую супольнасць і яе заснавальніка св. Альфонса Марыю Лігуоры, зрабіў кароткі экскурс у гісторыю дзейнасці супольнасці на Беларусі і ў Гродне.
Акрамя таго, пробашч і іншыя рэдэмптарысты – айцы Віктар Бохан, Дзмітрый Лабкоў і Анджэй Урублеўскі – распавялі пра свой шлях паклікання, асаблівасці манаскай фармацыі і сваю душпастырскую працу. Пасля айцец Ядкоўскі правёў для гасцей экскурсію па касцёле, кляштары і душпастырскім комплексе.
Па словах студэнтаў семінарыі, знаёмства з айцамі рэдэмптарыстамі яскрава паказвае будучым святарам разнастайнасць і багацце Каталіцкага Касцёла, сведчыць, колькі ў ім харызмаў і дароў, якія могуць выкарыстоўвацца для служэння Богу і людзям.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі