Skip to main content

У Оршы прайшлі рэкалекцыі, арганізаваныя гродзенскай супольнасцю “Мужчыны святога Юзафа”

rec swjuzefa 1З 29 лістапада па 1 снежня ў касцёле св. Юзафа ў Оршы (Віцебская дыяцэзія) адбыліся рэкалекцыі для мужчын “Быць сведкам евангельскага радыкалізму”. Рэкалекцыі былі арганізаваны гродзенскай супольнасцю “Мужчыны святога Юзафа”.

Як паведамляе сайт супольнасці, на духоўных практыкаваннях сабраліся ўдзельнікі з Мінска, Гродна, Браслава, Ваўкавыска, Ліды, Барысава, Шклова, Пастаў і Оршы.  З канферэнцыямі ў межах рэкалекцый выступіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Удзельнікі пачулі, сярод іншага, наступнае: “Быць сведкам і сведчыць – не абстрактная ідэя, а канкрэтны крок і канкрэтныя рэчы”.

Таксама адзначалася: “Пасткай будзе думаць: “Я пакажу сваю веру і вернасць Богу, калі пачнуцца пераследванні”. Сёння, у канкрэтных жыццёвых рашэннях, я станаўлюся на баку Пана альбо супраць Яго. Я паказваю людзям навокал Божыя сцяжынкі альбо жыву не так, як хоча Нябесны Айцец”.

rec swjuzefa 3

Звярталася ўвага і на тое, што “прыклад уласнага жыцця прамаўляе лепш, чым казанні; дабрыня, любоў, радасць і прабачэнне прыцягваюць нашмат мацней” і што “недастаткова абвяшчаць Божую навуку толькі словам – трэба таксама жыць гэтай навукай і пацвярджаць яе сваімі ўчынкамі”, гэта значыць “рабіць так, як зрабіў бы Езус, калі б жыў у гэтую хвіліну на зямлі”.

Закраналася таксама тэма, якім павінен быць сапраўдны кіраўнік. Было адзначана, што ён павінен быць сведкам: “Сведка намагаецца не закрываць сабой рэчаіснасць, пра якую сведчыць, дапамагае бачыць тым, хто не бачыць, і тым, хто не бачыць ясна. У рэшце рэшт некаторыя пачынаюць глядзець і бачыць, бо паверылі яго сведчанню”. Прыкладам такога кіраўніка быў названы апостал Пётр.

Словы аднаго з удзельнікаў рэкалекцый, Уладзіміра з Мінска: “Дзякуй вялікі арганізатарам, прапаведніку – біскупу Аляксандру Яшэўскаму, айцам марыянам у Оршы і ўсім мужчынам, якія прыехалі! Мы выдатна правялі час у малітве, разважаннях, сумесных пасілках і простых размовах! Чакаю наступнага разу для свайго духоўнага ўзбагачэння”.