3 снежня ў гродзенскім катэдральным касцёле адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар яго галоўнага апекуна – св. Францішка Ксаверыя.
Галоўную Імшу, якая адбылася апоўдні, цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй разам з біскупам эмерытам Аляксандрам Кашкевічам, капітулам катэдральнага касцёла і іншымі святарамі.
Біскуп Гродзенскі цэлебраваў літургію ў інтэнцыі катэдральнай парафіі на чале з яе пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім, просячы Бога аб тым, каб парафіяльная супольнасць брала прыклад з апосталаў і ішла дарогай святасці.
Ва ўступе да літургіі біскуп адзначыў, што Францішак Ксаверый быў дасканалым паслядоўнікам Езуса. Любоў да Хрыста, па словах іерарха, была для гэтага святога сілай, якая вяла яго да самых далёкіх межаў, дзе яму спадарожнічалі цяжкасці і небяспекі, дзе ён мусіў пераадольваць няўдачы, расчараванне і засмучэнне.
Біскуп заахвоціў быць сапраўднымі сведкамі Хрыста на ўзор св. Францішка, “каб і ў нашых сэрцах гарэў агонь любові да Езуса, які перамяняе, вырывае з пасрэднасці і адкрывае перад намі новыя перспектывы дзеяння Божай ласкі”.
У гаміліі канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч прыгадаў жыццёвы шлях Францішка Ксаверыя – святога, на якога Бог усклаў важную задачу быць евангелізатарам народаў.
“Кожнага з нас Пан кліча рэалізоўваць у жыцці якіясьці задачы. І ад кожнага чакае спаўнення Яго волі ў веры і пакоры”, – сказаў ксёндз Аляксандр. Святар заахвоціў заставацца вернымі Хрысту не толькі ў перыяд Адвэнту, які зараз распачаўся ў Касцёле, але і кожны дзень зямной пілігрымкі.
У канцы Імшы пробашч катэдральнай парафіі падзякаваў усім удзельнікам за дар супольнай малітвы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі