Skip to main content

Ксёндз Віталій Дабраловіч прызначаны эканомам дыяцэзіі і дырэктарам дыяцэзіяльнага таварыства “Caritas”

dobrolowicz3 снежня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў кс. Віталія Дабраловіча эканомам Гродзенскай дыяцэзіі на тэрмін пяці гадоў.

Эканом адмініструе маёмасць дыяцэзіі пад уладай біскупа, а таксама здзяйсняе коштам даходу дыяцэзіі выплаты, легітымна зацверджаныя біскупам або іншымі прызначанымі ім асобамі (кан. 494 §3 Кодэкса кананічнага права).

У той жа дзень кс. Віталій Дабраловіч быў прызначаны таксама дырэктарам Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі. На гэтай пасадзе ён зменіць кс. Алега Пятрашку, які кіраваў дабрачынным таварыствам з 2023 г.

Біскуп удзяліў ксяндзу Віталію пастырскае благаслаўленне на выкананне новых адказных абавязкаў.

Ксёндз Віталій Дабраловіч нарадзіўся 31 сакавіка 1979 г. Паходзіць з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах (Іўеўскі дэканат).

Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. 29 мая 2004 г. у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

У 2004-2006 гг. быў вікарыем парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат).

У 2006-2015 гг. быў дырэктарам дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі, у 2015-2021 гг. – дырэктарам Нацыянальнага дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas”.

З 2021 г. быў дырэктарам Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі