24 лістапада ў Смаргоні адбылося благаслаўленне адрамантаванага араторыя імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры мясцовай парафіі св. Міхала Арханёла, дзе нясуць служэнне салезіяне. Благаслаўленне здзейсніў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Як паведамляецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, рамонтныя працы ў араторыі распачаліся сёлета ў маі і былі завершаны ў верасні.За гэты час аднавілі фасад, умацавалі сцены, правялі рамонт унутраных памяшканняў, каб араторый мог функцыянаваць дзеля выхавання дзяцей і моладзі, згодна з харызмай салезіянаў.
Ва ўрачыстай падзеі ўдзельнічалі рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB і вікарый рэгіянальнага настаяцеля кс. Віктар Гайдукевіч SDB.
Свята распачалося Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў біскуп Яшэўскі. Перад Імшой дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Казімір Мурава SDB прывітаў ганаровых гасцей і ўсіх прысутных і выказаў вялікую ўдзячнасць кожнаму, хто далучыўся да справы рамонту араторыя.
У гаміліі біскуп звярнуўся да дзяцей, якіх прысутнічала шмат. Іерарх распавёў ім, што для араторыя характэрны чатыры вымярэнні: гэта дом, не проста будынак, а месца, дзе цябе любяць; гэта школа, дзе цябе выхоўваюць; гэта Касцёл, месца для малітвы і катэхізацыі, дзе дапамагаюць узрастаць у любові да Бога; гэта двор, у якім можна гуляць і весела праводзіць час.
“Я хачу пажадаць вам, дарагія дзеці, і вам таксама, бацькі, дарослыя, каб вы палюбілі араторый, які сёння пасля рамонту мы яшчэ раз аднаўляем, каб вы памяталі, што там заўсёды вас чакаюць ксяндзы салезіяне, сёстры салезіянкі, свецкія вернікі, якія раздзяляюць нашую салезіянскую харызму. Заўсёды памятайце, што араторый для вас – гэта дом і вялікая сям’я, гэта школа, якая выхоўвае да жыцця і, канешне, таксама да жыцця вечнага. Памятайце, што гэта таксама парафія, Касцёл, які навучыць і маліцца, і жыць з Богам, і, канешне, гэта месца, дзе вы можаце прыгожа, па-Божаму пабавіцца. Таму просім, каб Бог благаславіў не проста будынак араторыя, але людзей, моладзь і дзяцей”, – сказаў біскуп.
Пасля завяршэння Імшы ўдзельнікі накіраваліся ў араторый, дзе моладзь пад кіраўніцтвам кс. Артура Ляшнеўскага SDB і сясцёр салезіянак падрыхтавала святочную праграму з бансамі, спевамі і выступленнем фокусніка.