Skip to main content

У Астраўцы з удзелам біскупа Гродзенскага памаліліся за кс. Андрэя Горбача ў 30-ы дзень пасля смерці

horbacz 30dn 530 лістапада ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы адбылася Імша ў інтэнцыі вечнага жыцця для кс. Андрэя Горбача, пробашча гэтай парафіі, у 30-ы дзень пасля яго смерці. Святар раптоўна адышоў у вечнасць 1 лістапада.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічалі шматлікія вернікі. На літургіі дзякавалі Богу за дар памерлага святара, які служыў людзям з вялікай руплівасцю.

Варта адзначыць, што Імша цэлебравалася ў дзень імянінаў спачылага – у свята святога Андрэя, апостала.

horbacz 30dn 7

У гаміліі а. Казімір Мараўскі OCD, які служыць у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат), звярнуў увагу на постаць св. Андрэя, асаблівага нябеснага заступніка спачылага ксяндза Горбача. Айцец Казімір падкрэсліў, што сучасны чалавек павінен, як апостал Андрэй, імкнуцца ісці за Хрыстом і быць гатовым сведчыць аб сваёй веры ў свеце, як і рабіў ксёндз Андрэй.

Біскуп Уладзімір Гуляй у канцы Імшы падзякаваў усім прысутным – духоўным і свецкім асобам – за малітву ў інтэнцыі спачылага. Іерарх заклікаў працягваць падтрымліваць ксяндза Андрэя малітвай, каб яго крочанне за Езусам і адданае служэнне, якое ў апошнія гады ён нёс у астравецкай парафіі, прынеслі яму ўзнагароду вечнага жыцця ў небе.

Ксёндз Андрэй Горбач нарадзіўся 23 кастрычніка 1974 г. Паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

У 1992 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.

12 снежня 1998 г. у катэдральнай базыліцы ў Гродне прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Пасля пасвячэння прызначаны вікарыем парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Лідскі дэканат).

22 кастрычніка 1999 г. прызначаны вікарыем катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне (дэканат Гродна-Усход).

5 чэрвеня 2000 г. прызначаны адміністратарам парафіі св. Арханёла Міхала ў Няцечы (Лідскі дэканат).

У 2003 г. прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні (Радунскі дэканат), у 2005 г. – яе пробашчам.

У 2011 г. прызначаны пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы (Астравецкі дэканат), дзе служыў да моманту смерці – 1 лістапада. Пахаваны ля парафіяльнага касцёла.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі