З 22 па 24 лістапада пры касцёле св. Арханёла Міхала ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі Альфа-курса “Выходныя з Духам Святым”. У іх удзельнічалі каля 90 чалавек з Навагрудка і Мінска.
Рэкалекцыі праводзіў пробашч навагрудскай парафіі кс. Юрый Жэгарын.
У першы дзень прысутныя пазнаёміліся. Затым яны ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая працягвалася ўсю ноч. Праграма другога дня была вельмі насычанай: уключала канферэнцыі, прысвечаныя Боскай Асобе Духа Святога, Эўхарыстыю, Ружанец і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. У апошні дзень рэкалекцый прагучалі сведчанні ўдзельнікаў і адбылася святая Імша.
Альфа-курс – серыя катэхез, прысвечаных вывучэнню керыгмы – асноваў хрысціянскай веры. На кожных такіх рэкалекцыях разглядаюцца розныя пытанні, звязаныя з верай, і ўсё прызначана для таго, каб людзі маглі ажывіць сваю веру. Альфа-курс – адзін з дзейсных метадаў прапаведвання Уваскрослага Хрыста. Як метад прапаведвання ён пачаў развівацца ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі ў адказ на заклік ІІ Ватыканскага Сабору і Папы Францішка да актыўнага ўключэння ў працэс новай евангелізацыі. На дадзены момант рэкалекцыі Альфа-курса праводзяцца ў Гродне, Навагрудку, Віцебску, Крупках, Глыбокім, Воршы і Мінску.
Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Марына Рамук