23 лістапада ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася малітоўная сустрэча моладзі.
Сустрэча была прымеркавана да 39-га Сусветнага дня моладзі, які сёлета адзначаецца на дыяцэзіяльным узроўні, і праходзіла пад дэвізам “Хто сябе даверыць Пану, пабягуць нястомна!”. Паколькі яна праводзілася ў набліжэнні Юбілейнага 2025 года, дэвіз якога – “Пілігрымы надзеі”, на ёй удзельнікі маглі даведацца, як быць у сённяшнім свеце пілігрымамі надзеі, што такое надзея, якая паходзіць ад Бога i ніколі не падмане, і як ісці па жыцці з такой надзеяй у сэрцы.
На сустрэчы сабраліся маладыя людзі з Гродна і наваколля са сваімі душпастырамі і катэхетамі.
У межах сустрэчы вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. Яўген Амасёнак выступіў з канферэнцыяй на тэму даверу Богу. Ён падкрэсліў, што кожны створаны Богам для таго, каб быць унікальным, і важна памятаць, што “ў кожным з нас ёсць жыццё Бога”, што “Бог задумаў цябе індывідуальным, а не копіяй”. Святар назваў ворагам маладога чалавека страх перад тым, што пра яго думаюць іншыя. “Мы апранаемся, “як усе”, сядзім у сацсетках, “як усе”, мы аднолькавыя”, – з жалем адзначыў ён і заахвоціў “не баяцца таго, што падумаюць людзі”. Акрамя таго, у сувязі з набліжэннем Адвэнту ксёндз Яўген заклікаў моладзь цікавіцца Богам, знаёміцца з Ім – “Адзіным, хто заўсёды цябе прыме, зразумее і любіць больш за ўсіх”.
Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Іерарх цэлебраваў яе ў інтэнцыі маладога Касцёла на Гродзеншчыне.
Па словах біскупа, пры позірку на столькіх маладых людзей сэрца радуецца з таго, што дыяцэзія мае такі вялікі патэнцыял і такую будучыню. Кожнага з гэтых маладых людзей, як дадаў ён, датычыць заклік апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: “Радуйцеся надзеяй”. Прапаноўваючы паразважаць над гэтым заклікам, біскуп звярнуў увагу на тое, што такое надзея ў Хрысце.
Гэтая надзея, як адзначыў іерарх, не з’яўляецца чымсьці павярхоўным, не расчароўвае, бо грунтуецца на любові Хрыста і абяцанні, што Ён заўсёды будзе з намі; гэтая надзея прыносіць сапраўдную радасць, пераўзыходзіць рэальнасць, не залежачы толькі ад чалавечых сіл, планаў і памкненняў. Яна “вядзе да мэт, вышэйшых за тое, што нас акружае, да вечнага жыцця, да Божага Валадарства”. Гэтая надзея – “настрой сэрца, якое можа бачыць водбліск вечнасці ў штодзённым жыцці”.
Па словах біскупа, гэтая надзея – “не адмаўленне ад цяжкасцей, а адкрыццё таго, што, нягледзячы на гэтыя цяжкасці, ёсць нешта, што застаецца ў нас, што дае сілы жыць – гэта прысутнасць Бога, якая ніколі не пакідае нас”. Акрамя таго, такая надзея “павінна ператварыцца ў гатоўнасць служыць іншым”: “у духу надзеі мы жывём не толькі для сябе – у ёй мы бачым патрэбы іншых”, “можам стаць прыладамі Божай ласкі”.
Іерарх нагадаў, што Юбілейны 2025 год, дэвіз якога – “Пілігрымы надзеі”, дапаможа паглыбіць веру, нанова адкрыць глыбіню Божай Міласэрнасці і надзеі. Ён адзначыў, што пілігрым “ідзе з верай і надзеяй, ведаючы, што кожная цяжкасць і выпрабаванне, з якімі ён сутыкаецца на шляху, маюць сэнс і могуць прывесці да больш глыбокага ўзаемадзеяння з Богам”. З пілігрымамі біскуп параўнаў маладых людзей, паколькі іх жыццёвае падарожжа прынясе ім велізарную надзею, калі яны зразумеюць, што іх жыццё мае сэнс і мэту, што Бог з імі. “Для таго, каб стаць сапраўдным сведкам, трэба перш за ўсё адкрыць для сябе самую вялікую праўду: ты дарагі ў вачах Бога, – патлумачыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне. – А калі мы ўсвядомілі, што Бог нас любіць, мы не можам проста ўтрымліваць гэтую надзею ў сабе. Мы павінны падзяліцца ёй з іншымі”.
Такім чынам, заклік апостала Паўла “радавацца надзеяй” з’яўляецца, па словах біскупа, “запрашэннем глядзець у будучыню з верай, нават у цяжкія часы, і верыць, што Бог мае для нас план, поўны супакою і шчасця”.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная адарацыя, на якой кс. Антоні Грэмза і гурт “Open” прапанавалі моладзі прыгледзецца да свайго жыцця і пастарацца зрабіць усё для таго, каб яно стала больш прыгожым і плённым.
Сустрэча завяршылася пачастункам і падрыхтаванымі вікарыем катэдральнай парафіі кс. Андрэем Струкелем супольнымі забавамі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч