Skip to main content

Срэбны юбілей адзначыў дыяцэзіяльны хор “Cantate Domino”

hor25god 3822 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася ўрачыстая Імша з нагоды срэбнага юбілею хору Гродзенскай дыяцэзіі “Cantate Domino”.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі ўсіх, з каго складаўся хор на працягу 25 гадоў свайго існавання, каб іх служэнне схіляла думкі вернікаў да Бога, а іх жыццё было прыгожай песняй для Яго.

Біскуп, уводзячы прысутных у настрой Эўхарыстыі, узгадаў удзячным словам усіх, хто мае дачыненне да касцёльнай музыкі і клапоціцца аб прыгажосці літургіі.

У гаміліі іерарх адзначыў, што ў Каталіцкім Касцёле музыка мае глыбокія тэалагічныя і літургічныя карані, з’яўляючыся спосабам малітвы, выражэння веры і праслаўлення Бога. Нагадаўшы гісторыю жыцця святой Цэцыліі, ён звярнуў увагу на тое, што першапачаткова гэтую святую ўшаноўвалі як мучаніцу, але з часам сталі лічыць апякункай касцёльнай музыкі, бо традыцыя гаворыць, што перад смерцю Цэцылія спявала гімны, праслаўляючы Бога.

hor25god 8

Біскуп дадаў, што “ў музыцы Касцёл заўсёды знаходзіў спосаб перажываць радасць, смутак, надзею і жальбу”. Па яго словах, трэба разумець, што музыка ў літургіі – не проста ўпрыгожванне або фон: яе галоўная мэта – весці да глыбейшага перажывання сустрэчы з Богам. Святая Цэцылія “вучыць, наколькі важна, каб музыка ў літургіі была належным чынам падрыхтавана і выканана з поўнай адданасцю і пашанай”.

Біскуп падкрэсліў, што музыка ў Касцёле – задача “не толькі прафесійных музыкаў, але і кожнага з нас, хто ўдзельнічае ў літургіі”: “Мы можам адчуць сілу музыкі праз нашу малітву і ўдзел у набажэнствах. Кожны, хто ўдзельнічае ў літургічным спеве, нават у цішыні, у сваім сэрцы, становіцца часткай гэтай незвычайнай малітвы, якой з’яўляецца музыка”. Акрамя таго, заўважыў іерарх, музыка дапамагае адчуваць дух супольнасці, і святая Цэцылія, якая з’яўляецца сімвалам супольнай малітвы, “нагадвае, што музыка, якую мы выконваем у Касцёле, павінна быць накіравана на адзінства і набліжэнне да Бога”.

Па словах біскупа, жыццё святой Цэцыліі кажа пра каштоўнасць паклікання, пра тое, што сапраўдная прыгажосць хрысціянскага жыцця заключаецца не ў знешніх багаццях, а ў вернасці пакліканню, атрыманаму ад Бога. Выразам такой вернасці і адданасці Богу якраз і павінна быць тая музыка, якая гучыць у Касцёле, адзначыў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.

Пасля Імшы хор “Cantate Domino” выступіў з юбілейным канцэртам “Велічае душа мая Пана”, які сабраў шматлікіх слухачоў – аматараў касцёльнай музыкі і прыхільнікаў творчасці хору. У ходзе канцэрту вядучая Алена Стрыга пазнаёміла слухачоў з гісторыяй заснавання хору.

hor25god 20

Біскуп Гродзенскі выказаў віншаванні калектыву хору на чале з яго нязменным кіраўніком і дырыжорам Генрыхам Давідовічам. Усім членам хору іерарх падзякаваў за настойлівасць, старанні, якія яны ўкладваюць у кожнае выступленне, а ў першую чаргу за малітву.

“Няхай ваша музычная служба заўсёды будзе для нас крыніцай духоўнага аднаўлення і росту ў веры”, – пажадаў біскуп і ўдзяліў калектыву “Cantate Domino” пастырскае благаслаўленне на далейшую дзейнасць, выразіўшы спадзяванне, што дзякуючы спеву хору Божая хвала будзе гучаць у сэрцах людзей на працягу наступных гадоў.

Існаванне будучага дыяцэзіяльнага хору бярэ пачатак у парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец). Першы час пасля свайго з’яўлення харавы калектыў існаваў без назвы, праз некалькі гадоў атрымаў назву “Cantate Domino” – у перакладзе з лацінскай мовы “Спявайце Пану”. Назвай хор удзячны пробашчу катэдральнай парафіі кс. каноніку Яну Кучынскаму, якога лічыць сваім хросным бацькам.

Рэпертуар хору складаецца са спеваў на розныя літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў і мясцовых аўтараў. Хор спявае на беларускай, рускай, польскай, лацінскай i італьянскай мовах. Большасць харыстаў маюць музычную адукацыю, астатнія валодаюць адметнымі вакальнымі здольнасцямі.

За ўсю гісторыю існавання хор выканаў больш за 200 спеваў, выпусціў два альбомы: “Nie było miejsca” (“Не было месца”) і “Хор Гродзенскай дыяцэзіі Cantate Domino”.

У 2007 г. біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч надаў хору статус дыяцэзіяльнага. Спеў хору ўпрыгожвае важныя дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, па запрашэнні выступае з канцэртамі ў парафіях іншых дыяцэзій Касцёла на Беларусі, а таксама ў Літве і Польшчы.

У харавым калектыве было заснавана 8 сем’яў. На сённяшні дзень у яго склад уваходзяць 25 чалавек, 10 спевакоў у ім з самага пачатку.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Агата Фядкевіч