21 лістапада біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, маючы на ўвазе клопат аб спраўным кіраванні дыяцэзіяй, прызначыў кс. Віталія Сідорку біскупскім вікарыем па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне на тэрмін пяці гадоў.
У склад Лідскага рэгіёну ўваходзяць Лідскі, Шчучынскі, Радунскі, Дзятлаўскі, Навагрудскі і Іўеўскі дэканаты Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскупскі вікарый на моцы самога права мае ў адносінах да даверанай часткі тэрыторыі дыяцэзіі тую ж звычайную ўладу, якая на моцы паўсюднага права належыць генеральнаму вікарыю, за выключэннем тых спраў, якія біскуп зарэзерваваў за сабой ці за генеральным вікарыем, або тых, якія, згодна з правам, патрабуюць спецыяльнага ўпаўнаважання біскупа (кан. 476, 479 §2 Кодэкса кананічнага права).
Ксёндз Віталій Сідорка нарадзіўся 17 красавіка 1983 г., паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат). 26 мая 2007 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У 2018 г. абараніў на тэалагічным факультэце Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ у Любліне (Польшча) доктарскую дысертацыю пад назвай “Паходжанне, паўстанне і арганізацыя Гродзенскай дыяцэзіі 1991-2011”.
У 2019 г. быў прызначаны пробашчам новаўтворанай лідскай парафіі св. Юзафа, Рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка (Лідскі дэканат). Разам з вернікамі ажыццяўляў будаўніцтва парафіяльнай святыні, а таксама Касцёла як супольнасці.
У кастрычніку гэтага года быў прызначаны пробашчам лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Лідскі дэканат), змяніўшы на гэтай пасадзе цяперашняга біскупа Уладзіміра Гуляя, які стаяў на чале парафіі больш чым 20 гадоў.
З’яўляецца выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі