Skip to main content

Семінарысты першага курса здзейснілі пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый у Будславе

2024 11 21 Sem Budslsw 520 лістапада семінарысты першага, прапедэўтычнага (уводнага) курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне здзейснілі пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай і памаліліся на магіле першага рэктара семінарыі ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага.

Як прызналіся самі маладыя людзі, большасць з іх наведалі санктуарый у Будславе ўпершыню. Перадусім яны ўзялі ўдзел у святой Імшы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. Цэлебрацыю ўзначаліў мадэратар прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай семінарыі ксёндз Павел Скуба.

У прамоўленай гаміліі духоўны кіраўнік тых, хто толькі распачынае свой шлях да святарства ў семінарыі, распавёў гісторыю аднаго хлопчыка-сіраты, выхаванца дзіцячага дома, які пазней стаў святаром. Ён не хацеў хадзіць у школу, дзе іншыя дзеці здзекаваліся з яго з-за таго, што ён быў сіратою і не меў бацькоў. Тады настаўніца, нягледзячы на тое, што гэта былі часы старшэннага пераследу веры, паказала яму абразік Маці Божай са словамі: «Нікому не дазваляй казаць, што ты не маеш маці: твая Матуля — Найсвяцейшая Панна Марыя».

Святар заахвоціў маладых людзей даручыць Маці Божай свой шлях да Хрыстовага святарства і прасіць Яе дапамогі і падтрымкі на ўсіх яго этапах.

Пасля Эўхарыстыі юнакі мелі магчымасць у асабістай малітве звярнуцца да Маці Божай перад Яе цудадзейным Будслаўскім абразом.

2024 11 21 Sem Budslsw 2

Падсілкаваўшыся абедам, прыгатаваным для асаблівых пілігрымаў будслаўскімі парафіянамі, якія прасілі хлопцаў верна ісці шляхам паклікання, нягледзячы ні на якія цяжкасці, яны скіраваліся ў парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Альковічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Вілейскі дэканат), што ў паўсотні кіламетрах ад Будслава.

Па дарозе семінарысты наведалі адну з найстаражытнейшых памятак хрысціянства на нашых землях — так званы «Барысаў камень» пад назваю «Варацішын крыж» на ўзбярэжжы Віліі ў вёсцы Камена. Там яны пачулі аповед пра тое, як былі «ахрышчаны» старадаўнія традыцыі, што ўзялі пачатак яшчэ ў часы язычніцтва: і сёння крыжы ў многіх каталіцкіх вёсках стаяць на месцы былых язычніцкіх капішчаў.

У Альковічах семінарысты на чале з ксяндзом Паўлам запалілі зніч і памаліліся на магіле ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага — першага рэктара духоўнай семінарыі ў Гродне, створанай для фармацыі духавенства першым у пасляваенныя часы біскупам у Беларусі Тадэвушам Кандрусевічам.

Пад золкім лістападаўскім дажджом маладыя людзі прасілі аб вечным жыцці для святара, якога яны асабіста не ведалі, але багатая духоўная спадчына якога асвятляе і іх першыя крокі да святарства.

Потым пробашч альковіцкай парафіі ксёндз Анатоль Парахневіч пазнаёміў семінарыстаў з багатай гісторыяй мясцовай каталіцкай супольнасці. Святар таксама паказаў бясцэнныя рэліквіі, што захоўваюцца ў святыні, адкуль паходзіў і дзе цэлебраваў сваю першую Імшу ксёндз Станіслаў Кучынскі: падараваны яму на прыміцыю Імшал на лацінскай мове і арнат, вышыты ўласнаручна Габрыэляй Скірмунт, апошняй гаспадыняй маёнтка ў двары Шэметава, дзе доўгія гады, да свайго прызначэння рэктарам Гродзенскай семінарыі, нёс служэнне ксёндз Станіслаў Кучынскі.

…Ужо прыцемкам кароткага, але насычанага падзеямі дня позняй восені, вярталіся хлопцы ў сваю Alma mater, каб з новай духоўнай матывацыяй працягнуць распачаты шлях да святарства, на якім іх будуць суправаджаць заступніцтва Маці Божай Будслаўскай і прыклад першага рэктара гэтай касцёльнай навучальнай установы, якая выхавала шмат святароў і большасць сённяшніх беларускіх біскупаў.

Паводле Сatholic.by