З 15 па 17 лістапада ў навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала ў чацвёрты раз адбыўся малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і. Мэтай яго правядзення было прынесці пакаянне за грахі беларускага народа супраць жыцця і сям’і ў адпаведнасці са сцвярджэннем: “Без пакаяння няма збаўлення”.
Арганізатарамі сустрэчы выступілі Дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і парафія св. Арханёла Міхала.
На кангрэсе сабраліся актывісты Pro-Life, члены сямейных малітоўных рухаў, вернікі, якія займаюцца духоўным усынаўленнем, і тыя, хто пакутуе ад абортаў у сваіх сем’ях.
Самым важным днём у межах кангрэса была субота 16 лістапада. У гэты дзень адбылася пілігрымка пакаяння з Навагрудка ва Уселюб, колькасць удзельнікаў якой склала 80 чалавек, а ўвечары пасля святой Імшы з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага быў прамоўлены ўрачысты Акт пакаяння беларускага народа за грахі супраць жыцця і сям’і. Прамовіў яго сам арцыбіскуп.
Арганізатары кангрэса адзначаюць: “У нашай краіне ўжо 101 год – з 18 лістапада 1920 года – легальна забіваюцца дзеці ва ўлонні маці. Кожны дзень у Беларусі толькі з прычыны абортаў гінуць больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, не кажучы пра знішчэнне эмбрыёнаў праз спіралі, гарманальныя сродкі і падчас ЭКА. Таму ў наш час асаблівым чынам “неабходная вялікая малітва за жыццё, якая ідзе праз увесь свет” (святы Ян Павел ІІ, Evangelium Vitae, 100)”.
Апошні дзень кангрэса быў прысвечаны малітве і выступленням, якія датычылі праблемаў у выхаванні дзяцей, айцоўства, пераадолення духоўных пагроз для сям’і.
Правядзенне гэтага кангрэса пры навагрудскай парафіі ўжо стала традыцыяй. На ім збіраюцца тыя, хто клапоціцца пра добрую будучыню для інстытута сям'і.
Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі