16 лістапада ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат) адзначылі юбілей 500-годдзя існавання парафіі і 350-годдзя парафіяльнага касцёла. Таксама ў гэты дзень парафіяльная супольнасць святкавала адпустовую ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці.
Святкаванні ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У іх удзельнічалі шматлікія парафіяне і госці, святары са Шчучынскага дэканату і з іншых месцаў.
Пробашч парафіі кс. Юрый Фядук, прывітаўшы прысутных, назваў вельмі важным для Ражанкі гэты дзень, калі Богу праз заступніцтва Маці Міласэрнасці выказваецца ўдзячнасць за ўсе дары і ласкі, атрыманыя вернікамі на працягу пяці стагоддзяў.
Біскуп Гродзенскі цэлебраваў у межах юбілейных урачыстасцяў Імшу падзякі. На ёй дзякавалі Пану за багатую гісторыю парафіяльнай супольнасці і касцёла, які быў асвячаны 17 чэрвеня 1674 г. біскупам Віленскім суфраганам Мікалаем Слупскім, маліліся за ўсіх фундатараў, будаўнікоў і ахвярадаўцаў святыні.
Паколькі ў гэты дзень у літургіі ўспаміналася Маці Міласэрнасці, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ў гаміліі засяродзіў увагу на Божым дары Міласэрнасці. Ён патлумачыў, што Божая Міласэрнасць “найперш увасобілася ў найчысцейшым і найпрыгажэйшым стварэнні – жанчыне, Найсвяцейшай Панне Марыі”, чыё беззагананнае ўлонне стала жыллём міласэрнага Бога. Марыя “магла чуць і адчуваць міласэрную любоў Бога, якая прымусіла Яго сысці да стварэння, з’яднацца з ім, стаць адным з нас, каб ахвяраваць сябе за нашыя грахі”. Яе матчына сэрца “лепш за ўсё разумела Божую Міласэрнасць”; гэтая Міласэрнасць “напаўняе Яе сэрца, робячы Яе Маці Міласэрнасці”.
“Для Яе сэрца няма нічога важнейшага за сямейную супольнасць, каб усе браты і сёстры жылі ў міры і адзінстве. Езус так моцна любіць сваю Маці, што не можа заставацца абыякавым да жадання Яе сэрца”, – сказаў біскуп і дадаў, што Езус абяцаў вызваліць ад усіх грахоў тых людзей, якія звернуцца да Яго Маці і будуць святкаваць Яе ўспамін як Абяцання Міласэрнасці. Успамін адзначаецца 16-га дня кожнага месяца.
Па словах іерарха, на зямлі валадарствам Божай Любові і Міласэрнасці стаў Хрыстовы Касцёл, а ўсвядоміць гэта дапамагаюць урачыстасць Маці Міласэрнасці і юбілеі, якія ў гэты дзень святкавала парафія. Юбілей 500-годдзя парафіі біскуп назваў нагодай паглядзець назад і ацаніць яе гісторыю, убачыць, што “ўсе, хто ўдзельнічаў у яе жыцці, аддавалі хвалу Богу”, а юбілей 350-годдзя касцёла – нагодай успомніць пра важнасць матэрыяльнай спадчыны, пакінутай продкамі сённяшнім вернікам. “Гэты касцёл – не проста будынак, а сімвал вернасці Богу, малітвы, ахвяры”, – падкрэсліў іерарх.
Ён нагадаў, што “будаўніцтва парафіяльнай супольнасці, клопат пра яе развіццё – адказнасць кожнага з нас” і што ў гэтыя юбілеі трэба не толькі дзякаваць Богу, але і браць адказнасць за будучыню. “Няхай гэтая парафія і касцёл, месцы малітвы, стануць таксама месцамі сустрэчы з міласэрным Богам”, – пажадаў біскуп.
Ён звярнуў увагу таксама на тое, што “Божая Міласэрнасць распаўсюджваецца ад чалавека да чалавека”, што “Маці Божая вучыць нас, як дзяліцца любоўю Бога, вучыць дараваць і рабіць дабро ўсім, каму можам”, і што “моцна б змяніўся твар свету, калі б хрысціяне, слухаючы парады Маці, не шкадавалі міласэрнасці і спачування”. Даручаючы Маці Міласэрнасці гэтую парафію, а таксама ўсю дыяцэзію і яе справы, біскуп сказаў: “Няхай яшчэ раз праявіцца ў гісторыі свету бясконцая сіла міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць зло! Няхай яна пераменіць сумленні!”
У канцы Імшы парафіяне падзякавалі біскупу, іншым святарам і ўсім гасцям за ўдзел ва ўрачыстасцях, дадаўшы, што хочуць будаваць сапраўдную супольнасць, працягваць узрастаць у веры і любові да Бога.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі