Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй узначаліў Імшу на пахаванні маці с. Карытас Шапель

pogrzeb 26 лістапада ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Поразаве (Ваўкавыскі дэканат) адбылося пахаванне маці сястры назарэтанкі Карытас Шапель, якая служыць у курыі Гродзенскай дыяцэзіі. Пахавальную Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Юзэфа Шапель адышла ў вечнасць 3 лістапада на 87-м годзе жыцця.

На літургіі сабраліся святары, манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, родныя і сябры спачылай.

Біскуп Гродзенскі адзначыў у гаміліі, што кожны адыход у вечнасць кагосьці блізкага, тым больш чалавека, з якім яднаюць сувязі роднасці і любові, прыносіць вялікі боль, але нельга забываць, што мы створаны для несмяротнасці.

“Нам трэба прайсці праз цяжкасці гэтага часу і з дапамогай веры спазнаць тое, што такое спаўненне надзеі, і тое, што такое любоў, якая не заканчваецца”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

Іерарх дадаў, што, развітваючыся з маці, “заўсёды ўсведамляеш простую чалавечую праўду – пакуль у чалавека ёсць маці, то ёсць і дом, а калі маці адыходзіць, дома ўжо няма”.

pogrzeb 10

Па словах біскупа, кожная маці з’яўляецца першай настаўніцай, выхавальніцай, правадніком у веры, заўсёды стаіць для сваіх дзяцей у самым цэнтры гэтага свету.

“Маці не памірае, маці адыходзіць. Для дзіцяці маці – гэта кніга Быцця, і Божае слова, і Новая Зямля, і знак Нябеснай Айчыны. Гэта тая, без якой немагчыма думаць пра свет, чалавека і Бога”, – адзначыў іерарх.

Біскуп падзякаваў памерлай Юзэфе за “простую і глыбокую веру”, якая “навучыла яе жыць Божым словам і лічыць яго найвялікшым, бясспрэчным аўтарытэтам”, за жыццёвы прыклад і за дар жыцця, у выніку якога яна дала на служэнне дыяцэзіі сваю дачку – законную сястру.

“Дзякую найперш за твой строга матчын прыклад – прыклад пастаяннага спажывання на зямлі Хлеба на жыццё вечнае”, – дадаў іерарх.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі