Skip to main content

У Солах памаліліся за спачылых святароў Смаргонскага дэканату

soly 26 лістапада ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Солах адбылася сустрэча духавенства Смаргонскага дэканату. На сустрэчы памаліліся за спачылых святароў, якія служылі ў гэтым дэканаце.

Правядзенне такіх сустрэч, на якіх здзяйсняецца малітва за памерлых святароў, у час актавы ўрачыстасці Усіх Святых ужо стала ў Смаргонскім дэканаце традыцыяй. Сустракацца для такой малітвы прапанаваў пробашч вішнеўскай парафіі кс. канонік Антон Казлоўскі, які два гады таму стаў Смаргонскім дэканам, і яго сабраты аднадушна падтрымалі прапанову. У межах сёлетняй сустрэчы ён цэлебраваў святую Імшу.

Імша была спалучаная з нешпарамі за памерлых, якія ўзначаліў пробашч парафіі ў Жодзішках кс. Павел Гардзейчык, віцэ-дэкан.

Ксёндз Уладыслаў Сурвіла, для якога парафія ў Солах з’яўляецца роднай, прамовіў казанне аб вялікім дары святарскага служэння. Была звернута ўвага на тое, што кожны спачылы святар даў прыклад адданага служэння Богу і людзям і што сённяшнія святары павінны наследаваць сваіх папярэднікаў, даючы новае сведчанне веры.

Пасля Эўхарыстыі адміністратар парафіі кс. канонік Леанард Станкоўскі, які ў гэты дзень святкаваў імяніны, запрасіў удзельнікаў сустрэчы на ўрачысты абед.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі