2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў Эўхарыстыю ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У гаміліі біскуп адзначыў, што ў гэты дзень і ў наступныя дні лістапада “мы праз веру і малітву аднаўляем нашы сувязі з памерлымі – тымі, якія нас аберагаюць, вядуць і дапамагаюць нам”. У гэтыя дні, па словах іерарха, “мы думаем пра іх часцей, успамінаем тых, хто адышоў з гэтага свету перад намі”.
Памяць пра “тых, хто нас апярэдзіў”, біскуп назваў “цудоўнай рысай нашага народа”. Гэтая рыса, дадаў ён, фармавалася “праз вялікія пакуты, цяжкі досвед гісторыі”, калі “мы як грамадства выспявалі ў вялікім болю”; “вялікіх ахвяр каштавала фармаванне ў нас духу вольнасці і братэрства”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што ў гэтыя дні “агні гараць на магілах не толькі тых, хто нам блізкі праз роднасць і сяброўства”: таксама “мы не пакідаем у забыцці ніводнай магілы тых, хто аддаў жыццё за нашу Айчыну”.
Іерарх назваў урачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых прычынай сапраўднай “вандроўкі народаў” у нашай краіне: “у цягніках, аўтобусах ці аўтамабілях тысячы чалавек пераносяцца ў гэтыя дні з аднаго канца Беларусі ў другі”, “рознымі спосабамі мы дасягаем самых маленькіх населеных пунктаў, дзе ёсць могілкі”. “Раз у год ажываюць маршруты, па якіх мы, поўныя болю, ехалі, калі спяшаліся на пахаванне нашых блізкіх”, – сказаў біскуп.
“Добра, што так ёсць, бо мы вучымся, што варта пакідаць дабро ў сэрцах тых, каго сустракаем. Добра, што так ёсць, бо мы даведваемся, як многім мы ўдзячныя тым людзям, якія апярэдзілі нас на шляху з гэтага свету. Добра, што так ёсць, бо мы знаходзім з імі сапраўдную сувязь у Богу, для якога ўсё жыве”, – падкрэсліў іерарх.
Пасля Імшы адбылася жалобная працэсія па касцёле.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч