Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад). 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, удзень ён цэлебраваў Імшу ў парафіяльным касцёле, а ўвечары, напярэдадні ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, – Імшу на адэльскіх могілках у інтэнцыі памерлых.
На літургіі, якая адбылася днём, арцыбіскуп нагадаў у гаміліі, што ў гэтую ўрачыстасць успамінаюць усіх кананізаваных і некананізаваных святых. Ён дадаў, што, хоць працэс кананізацыі праводзіцца далёка не заўсёды, святымі людзі могуць быць у вачах Бога, – гэта і ёсць некананізаваныя святыя.
Таксама іерарх адзначыў, што, хоць людзі пакліканы да святасці і вечнага жыцця, адначасова яны зведваюць розныя выпрабаванні: чалавек часта паддаецца спакусам злога духа, і ў выніку на зямлі ствараецца не неба, а пекла. Па словах арцыбіскупа, урачыстасць Усіх Святых нагадвае людзям, кім яны з’яўляюцца і якая светлая будучыня ім падрыхтавана; святыя заахвочваюць да таго, каб позірк чалавека быў накіраваны на духоўнае.
Арцыбіскуп дадаў, што святыя, як і ўсе іншыя людзі, павінны былі змагацца са спакусамі, з Божай дапамогай іх перамагаць і такім чынам узрастаць у святасці. Прыкладам ён назваў святога Пятра, які адрокся ад Езуса, а потым шкадаваў аб гэтым, пазней стаў першым Папам у Касцёле і аддаў за Хрыста жыццё; святога Паўла, які спачатку быў ганіцелем хрысціян, а потым стаў апосталам язычнікаў; святога Аўгустына, які ў маладосці адышоў ад веры і вёў грэшнае жыццё, але аднойчы, чытаючы святыя кнігі, сказаў сабе: “Калі іншыя змаглі стаць святымі, то чаму ты не можаш?”; заснавальніка ордэна езуітаў святога Ігнацыя Лаёлу, які таксама вёў у маладосці грэшнае жыццё, а потым, у час хваробы чытаючы ў шпіталі рэлігійныя кнігі, навярнуўся. Біяграфіі гэтых і іншых людзей сведчаць, што святасць магчымая, падкрэсліў арцыбіскуп і прыгадаў заклік Папы Яна Паўла ІІ “не баяцца быць святымі ХХІ стагоддзя”.
“Мы молімся да нашых святых, а яны моляцца ў нашых інтэнцыях. Гэта дарога з двухбаковым рухам. Наступае цудоўны абмен дарамі малітвы, дзякуючы чаму Касцёл, які пілігрымуе, – той, які мы ўтвараем, – яднаецца з Касцёлам, які трыумфуе, Касцёлам святых”, – патлумачыў іерарх. Ён заклікаў вернікаў, каб яны, молячыся да святых і беручы з іх прыклад, “давяраліся Богу, які вядзе дарогай святасці ў радасць неба”.
Імша на адэльскіх могілках, якую арцыбіскуп эмерыт цэлебраваў увечары, – традыцыйнае набажэнства, якое збірае натоўпы людзей з самога Адэльска, яго ваколіц і Гродна.
У гаміліі на гэтай Імшы іерарх заўважыў, што, падобна як увосень прырода замірае, а вясной ажывае, так і чалавек жыве і памірае, каб потым уваскрэснуць. Арцыбіскуп адзначыў, што смерць – паўсюдны закон, якога ніхто не можа змяніць, і што аб гэтым прыгожа кажуць эпітафіі на магілах, напрыклад: “Сёння мне, а заўтра табе”, “Я быў такі, як ты, а ты будзеш такім, як я”.
Іерарх дадаў, што, хаця смерць нясе смутак, трэба глядзець на яе праз прызму праўды Змёртвыхпаўстання, якая кажа, што смерць не мае апошняга слова: “сцежка да магілы – не апошняя дарога, а пачатак новай”.
Па словах арцыбіскупа, здаецца, што на “задушны дзень” – успамін усіх памерлых – каталіцкі свет перанёсся на могілкі: людзі наведваюць магілы блізкіх, прыводзяць іх у парадак, прыносяць кветкі, запальваюць свечкі. Іерарх назваў гэта прыгожым звычаем, але дадаў, што гэтага недастаткова: памерлым патрэбны малітвы і адпусты.
У гэты дзень, па словах іерарха, “жыццё аддае пашану смерці: жывыя размаўляюць з памерлымі і пытаюцца іх аб лёсе пасля смерці; стоячы каля іх магілаў, мы ўслухоўваемся ў іх праніклівы голас”. Помнікі на магілах арцыбіскуп назваў “красамоўнамі амбонамі”. “Што кажуць нам памерлыя і чаму вучаць? Мы павінны слухаць іх уважліва, бо з гэтых амбонаў зыходзіць праўда, што пасля завяршэння зямнога жыцця трэба будзе стаць перад Хрыстом-Суддзёй, каб здаць найважнейшы экзамен”, – адзначыў ён.
Арцыбіскуп нагадаў, як важна маліцца за памерлых і прасіць Бога быць міласэрным да іх, бо многія памерлыя знаходзяцца ў чыстцы і самі не могуць з яго выйсці, “чакаюць нашай дапамогі”. “Мы молімся ў іх інтэнцыях не для таго, каб перамяніць Бога і пераканаць Яго ўпусціць памерлых у радасць неба, – Бог застаецца такім самым заўсёды і ніколі не перамяняецца. Мы молімся, каб перамяніць лёс памерлых і нас саміх”, – патлумачыў іерарх.
Ён адзначыў, што, паколькі лёс памерлых чакае ўсіх, іх свята павінна схіліць людзей да навяртання, “бо і мы станем перад трыбуналам Бога”. “Хрыстус кажа, што ні адзін з тых, хто прыходзіць да Яго, не будзе адкінуты. Таму няхай дзякуючы нашым малітвам душы памерлых увойдуць у радасць неба, а мы спазнаем ласку перамянення жыцця”, – дадаў арцыбіскуп эмерыт.
Пробашч адэльскай парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк падзякаваў іерарху за тое, што ён у гэтыя асаблівыя дні малітвы за памерлых заўсёды наведвае свае родныя мясціны, каб памаліцца з мясцовымі жыхарамі (гэта родная парафія арцыбіскупа Кандрусевіча, на адэльскіх могілках пахаваны яго бацькі, сястра і іншыя родныя).
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Павел Эйсмант