27 кастрычніка ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу падзякі за 35 гадоў біскупскага служэння.
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі катэдральнай парафіі і іншыя жыхары горада над Нёманам. Канцэлебравалі літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
У пачатку Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч павіншаваў біскупа Гуляя, новага Гродзенскага ардынарыя, пажадаўшы яму Божага благаслаўлення, заступніцтва Божай Маці і апекуноў дыяцэзіі. Таксама арцыбіскуп падзякаваў біскупу Кашкевічу за 33-гадовае служэнне ў якасці першага ардынарыя дыяцэзіі, адзначыўшы, што той быў “архітэктарам яе станаўлення”. Арцыбіскуп пажадаў былому пастыру Касцёла на Гродзеншчыне благаслаўлення Найвышэйшага ў далейшым служэнні і, паколькі ў Беларусі ўжо некалькі каталіцкіх іерархаў на пенсіі, жартоўна запрасіў яго ў “клуб біскупаў эмерытаў”.
У гаміліі, зыходзячы з Евангелля ХХХ Звычайнай нядзелі аб аздараўленні Езусам сляпога Бартымэя, арцыбіскуп звярнуў увагу на праблему духоўнай слепаты. Ён адзначыў, што, каб вылечыцца ад яе, трэба звярнуцца да Бога, як Бартымэй, які крычаў: “Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!”, а для гэтага найперш належыць прызнаць свой грэх і зразумець неабходнасць навяртання.
Іерарх дадаў, што “ў мінулым стагоддзі наша краіна зведала суровае выпрабаванне палітыкай ваяўнічага атэізму, які імкнуўся зрабіць нас духоўна сляпымі”, і што, аднак, Божы народ вытрымаў. Прыкладам ён назваў гродзенскую Фару, адзначыўшы, што ў ёй на працягу 28 гадоў людзі маліліся без святара і ахоўвалі касцёл ад пагрозы закрыцця. “Здавалася, што так будзе вечна, але стаўся цуд”, – сказаў арцыбіскуп і ўзгадаў, як 14 лютага 1988 г. увайшоў у гродзенскую Фару ў якасці яе першага пробашча пасля 28-гадовага перапынку. Таксама ён нагадаў, што 28 кастрычніка наступнага года адбыўся яго інгрэс – такім чынам ён стаў першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі, – у 1991 г. было пасвячэнне першага Гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча, потым прыйшоў час пасвячэння біскупа Антонія Дзям’янкі, а ўжо пазней арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і біскупа Уладзіміра Гуляя. “Гэтыя падзеі паказалі, што Бог піша гісторыю, за што Яму хвала”, – дадаў арцыбіскуп эмерыт.
Іерарх нагадаў, што слова “біскуп” паходзіць ад грэцкага “эпіскопос”, што азначае “стражнік веры, касцёльнай дысцыпліны і хрысціянскай традыцыі, які павінен мець бачанне развіцця мясцовага Касцёла”.
Арцыбіскуп эмерыт падкрэсліў, што яго біскупскае служэнне распачалося ў гродзенскай катэдры, таму ён не можа абмінуць яе ў выказванні падзякі Богу і падзякі людзям за малітвы ў яго інтэнцыі ў спрыяльныя часы і ў часы выпрабаванняў.
Дадаючы, што біскуп таксама чалавек і можа памыляцца, іерарх перапрасіў за недахопы ў яго служэнні. Таксама ён папрасіў маліцца аб Божым благаслаўленні на яго далейшае служэнне.
Па словах іерарха, згодна з неспасціжнымі планамі Божага Провіду ён быў пакліканы стаць першым біскупам у нашыя часы ў Беларусі і Расіі, у гэтых краінах яму давялося адраджаць Касцёл з яго структурамі пасля доўгага перыяду прымусовай атэізацыі. Арцыбіскуп адзначыў, што, “хоць гэта місія была складанай, Бог шчодра благаславіў, і ў гэтых краінах, дзе, як планавалі атэісты, Касцёл павінен быў знікнуць, ён адрадзіўся”, “мы сталі сведкамі рэалізацыі слоў Езуса, што брамы пякельныя не перамогуць Касцёл, і рэалізацыі прароцтва Панны Марыі ў Фаціме ў 1917 годзе аб навяртанні нашых земляў”.
Гродзенцам арцыбіскуп пажадаў заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, “каб не быць духоўна сляпымі і жыць духам Евангелля”. Ён дадаў, што для гэтага “на першае месца неабходна паставіць Бога, і тады ўсё астатняе будзе на сваіх месцах”. Пры гэтым ён спаслаўся на дэвіз свайго біскупскага служэння: “Quis ut Deus”, нагадаўшы, што ў перакладзе дадзеныя словы азначаюць “Хто ж як Бог”. “Бо няма іншага і мацнейшага. Яму пашана і хвала на вякі”, – сказаў арцыбіскуп.
Пасля Імшы вернікі павіншавалі іерарха з 35-годдзем біскупскага служэння. Дзеці праспявалі яму адмысловую ружацовую малітву і падарылі ружанец, зроблены з цукерак.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак