Skip to main content

У Гродне прайшла сустрэча моладзі з парафій, дзе служаць сэрцане

wicznewec 15У парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне па традыцыі ў пачатку школьных восеньскіх канікул адбылася двухдзённая сустрэча моладзі з тых парафій Касцёла на Беларусі, дзе служаць ксяндзы сэрцане.

Акрамя моладзі з гродзенскай парафіі, дзе праходзіла сустрэча, у ёй удзельнічалі прадстаўнікі парафій у Паставах, Шаркаўшчыне, Варапаеве (Віцебская дыяцэзія) і Ляхавіч (Пінская дыяцэзія). Сустрэча мела назву “У духу Марыі”, яе тэма раскрывала жыццё Маці Божай у спаўненні Божай волі.

У межах першай канферэнцыі кс. Аляксей Вянцкевіч SCJ прадставіў жыццё Панны Марыі, засяродзіўшы ўвагу на сціпласці гэтай простай дзяўчыны з Назарэта і на Яе матчынай апецы над Езусам, а пазней над чалавецтвам. Затым моладзь і духавенства ўдзельнічалі ў святой Імшы і адарацыі, якая з’яўляецца характэрнай рысай сэрцанскай харызмы. Маладыя парафіяне з Гродна разам з кс. Аляксандрам Пятліцкім SCJ падрыхтавалі вясёлы вечар з танцамі і конкурсамі, дзе можна было пазмагацца за невялікі падарунак.

Другі дзень пачаўся ранішняй малітвай і канферэнцыяй. У гэты дзень моладзь магла бліжэй пазнаёміцца з ружанцовай малітвай, яе гісторыяй і дзейснасцю ў жыцці, пра што распавёў удзельнікам кс. Генадзь Лаўніковіч SCJ. Таксама была магчымасць супольна памаліцца праз заступніцтва Маці Божай у сваіх асабістых інтэнцыях.

Сустрэча завяршылася святой Імшой, якую ўзначаліў настаяцель супольнасці сэрцанаў у Беларусі кс. Аляксандр Фядотаў SCJ. У гаміліі ён распавёў пра месца Панны Марыі ў харызме вялікай сэрцанскай сям’і (Familia Dehoniana) ва ўсім свеце. Кожны ўдзельнік атрымаў асвячаны ружанец як зброю ў барацьбе са злом на кожны дзень.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, кс. Аляксандр Пятліцкі SCJ

Фота: кс. Аляксандр Пятліцкі SCJ